Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.03.2018

У НАН Беларусі адкрылося пасяджэнне Выканаўчага камітэта Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў (АУКП)

22 сакавіка 2018 года ў НАН Беларусі адкрылася пасяджэнне Выканаўчага камітэта Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў (АУКП). У мерапрыемстве, якое праходзіць у Мінску 21 – 26 сакавіка 2018 года, прымаюць удзел 9 членаў выканкама, у тым ліку касманаўты з Расіі, ЗША, Кітая, Германіі і Францыі. Сярод іх – Боні Данбар (Bonnie Dunbar) (ЗША) – прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, Ян Лівэй (Yang Liwei) (Кітай) – першы касманаўт КНР, генеральны дырэктар Кітайскага пілатуемага касмічнага агенцтва, Аляксандраў Аляксандр Паўлавіч (Расія) – кіраўнік Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, касманаўт НВА “Энергія”, саветнік генеральнага дырэктара “ПАО Ракетна-касмічная карпарацыя “Энергія” імя С.П.Каралёва”, Мішэль Таніні (Michel Tognini) (Францыя) – астранаўт, кіраўнік Цэнтра падрыхтоўкі еўрапейскіх астранаўтаў і інш. На пасяджэнне прыехалі і касманаўты-ўраджэнцы Беларусі – Прэзідэнт Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Кавалёнак, а таксама лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі.

На адкрыцці Выканкама да ўдзельнікаў пасяджэння з прывітальным словам звярнуліся Боні Данбар (ЗША) – Прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін. Члены Выканкама плануюць абмеркаваць пытанні падрыхтоўкі і правядзення ў Мінску 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у верасні 2018 года.

Для членаў Выканкама Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў запланавана шэсць тэхнічных сесій з выступленнямі касманаўтаў, вучоных і вядучых спецыялістаў у гэтай галіне на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і гасцініцы “Прэзідэнт-Атэль”. Госці наведаюць месцы, якія будуць задзейнічаны падчас 31-га Міжнароднага кангрэса АУКП: БелАЗ, Палац Рэспублікі, НВЦ “Белэкспа”, Мінскі аэраклуб ДТСААФ, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Акрамя таго, плануецца прыём членаў Выканкама АУКП на ўзроўні кіраўніцтва ўрада Беларусі.

Як падкрэсліў перад пасяджэннем намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін, правядзенне ў Мінску 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у верасні 2018 года дасць магчымасць прыцягнуць моладзь да касмічных даследаванняў. Ініцыятыва Беларусі аб правядзенні міжнароднага кангрэса АУКП у 2018 годзе ў Мінску была ўхвалена на пасяджэнні Выканкама асацыяцыі 25-27 сакавіка 2017 года ў Тулузе (Францыя).


* Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў (АУКП) – міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае касманаўтаў з многіх краін, створаная ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў. На сённяшні дзень у складзе Асацыяцыі больш за 400 членаў з 37 краін. АУКП мае чатыры рэгіянальныя аддзяленні са сваімі саветамі дырэктараў – па ЗША, Расіі, Еўропе і Азіі. Галоўным кіраўнічым органам з’яўляецца міжнародны Выканаўчы камітэт. Сваю дзейнасць Асацыяцыя ажыццяўляе ў трох галінах: прафесійная супольнасць, адукацыя, экалогія. Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў. 31-ы кангрэс адбудзецца ў Мінску 9-15 верасня 2018 года. Запрошана каля 350 чалавек, у тым ліку 150 касманаўтаў. Праграма кангрэса ўключае пленарнае пасяджэнне, пасяджэнні тэхнічных секцый, выставу касмічных тэхналогій. Удзельнікі міжнароднага кангрэса выступяць перад прадстаўнікамі розных арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, а таксама пазнаёмяцца з культурна-гістарычнай спадчынай краіны.