Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.04.2018

НАН Беларусі заключыла мемарандум з пяццю суданскімі ўніверсітэтамі

НАН Беларусі заключаны Мемарандумы аб узаемаразуменні з Суданскім універсітэтам навукі і тэхналогій, Універсітэтам Заходняга Кардафана, Універсітэтам Блакітнага Ніла, Адкрытым універсітэтам Судана і Афрыканскім навуковым паркам (Судан). Дадзеныя пагадненні падпісаны рэктарам ДНУ “Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі” Ігарам Ганчаронкам падчас візіту дэлегацыі кіраўнікоў васьмі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў у Судан у рамках правядзення беларуска-суданскага форуму ўніверсітэтаў (27-28 сакавіка 2018 года).

Дасягнутыя дамоўленасці накіраваны на ажыццяўленне студэнцкай, аспіранцкай і прафесарска-выкладчыцкай акадэмічнай мабільнасці, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, у тым ліку праграмы Erasmus + і Horizont 2020, інфармацыйна-тэхнічны абмен. Асаблівую цікавасць у суданскага боку выклікала магчымасць падрыхтоўкі навуковых кадраў у сферы ядзернай фізікі, нафтахіміі і аграрных навук.

Рабочы план візіту дэлегацыі кіраўнікоў васьмі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў у Судан уключаў сустрэчу з Міністрам вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Судана, прадстаўніком вышэйшага камітэта па сувязях БРІКС, намеснікам Міністра сельскай і лясной гаспадаркі Рэспублікі Судан, наведванне вядучых суданскіх універсітэтаў. Рэктарам ДНУ “Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі” Ганчаронкам была зроблена прэзентацыя дзейнасці Інстытута як Рэспубліканскага цэнтра падрыхтоўкі інтэлектуальнай эліты, які рэалізуе місію Акадэмічнага ўніверсітэта.

Падпісанне дакументаў стала працягам дыялогу аб пашырэнні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Судана. 30 жніўня 2017 года ў НАН Беларусі адбыліся перагаворы кіраўніцтва НАН Беларусі з членамі парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Судан Ібрагімам Ахмед Амерам. Былі намечаны перспектывы развіцця беларуска-суданскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі НАН Беларусі і Судана. 7 жніўня 2017 года НАН Беларусі наведала дэлегацыя Рэспублікі Судан на чале з Міністрам вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Судан спадарыняй Сумая Махамед Ахмед Абукашва. 9 жніўня 2017 года пасля наведвання ДНУ “Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” дэлегацыяй Рэспублікі Судан і праведзеных перагавораў былі падпісаны тры дамовы аб супрацоўніцтве ў сферы развіцця вышэйшай адукацыі, падрыхтоўкі навуковых кадраў і акадэмічнай мабільнасці прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў з трыма вядучымі ўніверсітэтамі Судана (Бахры, Эльніліяна і Касалы).