З 9 па 15 красавіка 2018 года НАН Беларусі сумесна з БДУ праводзіць вочны тур чацвёртага Міжнароднага студэнцкага турніру прыродазнаўчанавуковых дысцыплін (СТЭНД). СТЭНД – гэта каманднае спаборніцтва па хіміі, фізіцы, біялогіі сярод студэнтаў і магістрантаў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і краін СНД. У вочны этап турніру прайшлі лепшыя 12 каманд з Беларусі, Расіі і Украіны. У складзе кампетэнтнага журы – навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук, выкладчыкі вядучых ВНУ Беларусі і краін СНД, а таксама прадстаўнікі кампаній-партнёраў.
Як захаваць краявідную разнастайнасць драўнянай флоры Белавежскай пушчы, ці можна прыдумаць універсальны абутак, які дазваляе пазбегнуць траўм у галалёд, і ці ёсць спосаб вырашыць праблему глабальнага дэфіцыту пяску і жвіру ў свеце? На гэтыя і іншыя пытанні паспрабуюць адказаць удзельнікі вочнага тура.
Фармат спаборніцтваў прадугледжвае вырашэнне задач у камандах з падрыхтоўкай мультымедыйных прэзентацый. Пастаўленыя перад удзельнікамі задачы носяць прыкладны характар, а іх рашэнне прадугледжвае творчы падыход з боку студэнтаў. Турнір дапамагае наладзіць супрацоўніцтва паміж удзельнікамі, навуковымі экспертамі і прадстаўнікамі прамысловых кампаній. Асноўная мэта турніру – навучыць студэнтаў прымяняць свае веды на практыцы для вырашэння актуальных навукова-тэхнічных і вытворчых задач.
За 3 гады існавання турніру задачы для ўдзельнікаў прапаноўвалі такія гіганты рынку як Google, EPAM Systems, Regula, ScienceSoft, MEL Science, Аквафор, NASA. У адборачным этапе СТЭНД- 2018 прынялі ўдзел больш за 100 студэнтаў, якія прадстаўляюць ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Францыі.
Турнір з’яўляецца выдатнай магчымасцю для студэнтаў пазнаёміцца з навыкамі навуковых даследаванняў, прапанаваць свае ідэі і распрацоўкі навуковай супольнасці, а таксама знайсці патэнцыйных працадаўцаў сярод буйных кампаній у сваёй галіне. У сваю чаргу, кампаніі-партнёры маюць магчымасць вызначыць лепшых з іх, каб у далейшым працягнуць мэтанакіраванае супрацоўніцтва.
Даведацца падрабязнасці аб Студэнцкім турніры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін “СТЭНД” у групе https://vk.com/stend_by