На тэрыторыі індустрыяльнага парка “Вялікі камень” 3 красавіка 2018 года прайшоў устаноўчы сход кітайска-беларускага СЗАТ “Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы”. Гэта была трохбаковая сустрэча, на якой прысутнічалі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка. Па відэа-канферэнцыі на сувязі былі кіруючыя асобы кітайскай кампаніі AVIC. Па выніках сустрэчы быў зацверджаны статут, а таксама абраны органы кіравання новага сумеснага прадпрыемства – савет дырэктараў і генеральны дырэктар.
Як адзначыў на мерапрыемстве першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Сяргей Чыжык, стварэнне сумеснага прадпрыемства было узгодненым і планамерным, у ходзе падрыхтоўчых мерапрыемстваў улічаны інтарэсы кожнага з бакоў. “Спадзяёмся, што, аб’яднаўшы наш вопыт, мы зможам ствараць канкурэнтаздольныя вырабы, якія будуць карыстацца попытам ва ўсім свеце”, – рэзюмаваў Сяргей Чыжык.
Генеральны дырэктар новага кітайска-беларускага СЗАТ “Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы” Юрый Лявонавец расказаў, што ў аснове дзейнасці новага аб’яднання будзе распрацоўка ўласнай высокатэхналагічнай прадукцыі, асваенне серыйнай вытворчасці як сваіх распрацовак, так і наяўных у карпарацыі AVIC. Прасоўванне прадукцыі плануецца не толькі ў Беларусі, але і на сусветным рынку, з акцэнтам на краіны СНД.
AVIC – гэта найбуйнейшая кітайская дзяржаўная авіяцыйная кампанія, якая выпускае сёння больш за 60 відаў лятальных апаратаў, актыўна інвесціруе ў распрацоўку стварэння авіяцыйнай тэхнікі і кампанентаў па ўсім свеце. У рэйтынгу Fortune Global 500 займае 159-е месца. З моманту стварэння ў 1951 годзе шматкроць падвяргалася рэформам, змяняючы сваю назву і форму дзейнасці. Параўнальная па абароту з кампаніямі “Боінг” і “Эйрбас”. Вытворчасць AVIC уключае ваенную і грамадзянскую авіяцыю, у тым ліку розныя тыпы знішчальнікаў і транспартных самалётаў, навучальныя ўзоры тэхнікі. Спецыялісты гэтай кампаніі таксама актыўна займаюцца авіёнікай, БПЛА, пілатажнымі трэнажорамі. Ёсць вопыт і ў грамадзянскай авіяцыі – пасажырскія і транспартны самалёты, а таксама верталёты і гідрасамалёты. Кампанія займаецца распрацоўкай і лёгкіх прыватных самалётаў і бізнес-джэтаў, экранапланаў, аэрастатаў, ёсць добрыя напрацоўкі ў сферы авіяцыйных рухавікоў.