Як расказаў журналістам Аляксандр Тузікаў, у Мінску 9-15 верасня адбудзецца Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Гэты маштабны форум збярэ ў Беларусі легендарных даследчыкаў касмічнай прасторы. “Мы ўбачым тут легендарных людзей, якія займаліся даследаваннямі касмічнай прасторы, удзельнічалі ў розных касмічных праграмах – Савецкага Саюза, Расіі, амерыканскіх – па лініі NASA”, – адзначыў Аляксандр Тузікаў.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце ГП “Геаінфармацыйныя сістэмы” Барыс Чарнуха расказаў прадстаўнікам СМІ, што эксплуатацыю БКА-1 плануецца прадоўжыць да канца 2021 года. Такім чынам, з улікам запланаванага падаўжэння разліковы тэрмін эксплуатацыі будзе перавышаны амаль у два разы. “Гэта эквівалентна стварэнню і вывядзенню на арбіту, эксплуатацыі другога аналагічнага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання зямлі”, – растлумачыў вучоны. Ён адзначыў, што падаўжэнне тэрміну эксплуатацыі стала магчымым дзякуючы граматнай, высокапрафесійнай эксплуатацыі БКА, выкананню вялікага аб’ёму работ калектывамі нацыянальнага аператара па дапрацоўцы і мадэрнізацыі наземнай інфраструктуры касмічнай сістэмы, якая забяспечвае кіраванне спадарожнікам.
Сяргей Караняка – загадчык аддзела сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій ДНУ “Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі” расказаў журналістам аб выніках выканання беларускай часткі праграмы Саюзнай дзяржавы “Распрацоўка касмічных і наземных сродкаў забеспячэння спажыўцоў Расіі і Беларусі інфармацыяй дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі” ( “Маніторынг- СД”).
Удзельнікі прэс-мерапрыемства адказалі на пытанні журналістаў. Усяго ў рабоце прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі каля 20 сродкаў масавай інфармацыі.