Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.05.2018

У ЦНБ імя Якуба Коласа прэзентуюць навуковую манаграфію “Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі 1772-1917 гг.”

Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашаюць 3 мая 2018 г. у 15:00 (інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі, Мінск, вул. Сурганава, 15), на прэзентацыю навуковай манаграфіі “Грамадска- палітычнае жыццё ў Беларусі 1772-1917 гг.”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука”.

Кніга з’яўляецца вынікам працы аўтарскага калектыву, у склад якога ўвайшлі даследчыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Гэта выданне адметна тым, што гістарычныя працэсы паказаны як на макра-, так і на мікраўзроўні. Дзякуючы шырокаму колу крыніц, новаму ракурсу і падыходу, гэтая кніга ўяўляе не толькі аб’ёмную гістарычную панараму, але ўводзіць чытача ў супярэчлівы, напружаны, таямнічы свет XIX стагоддзя.

Да мерапрыемства прымеркавана выстава кніг з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. На ёй будзе прадстаўлена ранняя гістарыяграфія XIX і пачатку XX стагоддзяў, у прыватнасці, працы, прысвечаныя вайне 1812 года, паўстанням 1830-1831 і 1863-1864 гадоў. Будуць экспанавацца кнігі ўспамінаў дзяржаўных дзеячаў і чыноўнікаў, якія вызначалі грамадска-палітычнае жыццё на беларускіх землях, арыгіналы эпісталярных і мемуарных крыніц – лісты, дзённікі, успаміны грамадскіх дзеячаў, удзельнікаў паўстанняў. Выстаўлены ўзоры перыядычнага друку XIX – пачатку XX стагоддзяў, першыя выданні заканадаўчых актаў, а таксама літаратурныя творы XIX стагоддзя, якія паслужылі гістарычнымі крыніцамі для аўтараў манаграфіі. На выставе будуць прадстаўлены не толькі арыгіналы крыніц і ўзоры ранняй гістарыяграфіі грамадска-палітычнага руху канца XVIII – пачатку ХХ стагоддзя, але і асноўныя дасягненні сучаснай гістарыяграфіі ў гэтай сферы.