Супрацоўнікі Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава ўдастоены першай міжнароднай прэміі імя Ю.І. Астроўскага
Супрацоўнікі Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава НАН Беларусі М.Базылеў і М.Фамін удастоены першай міжнароднай прэміі імя Ю.І. Астроўскага за лепшыя навуковыя працы ў галіне аптычнай галаграфіі і інтэрфераметрыі. Узнагарода прысуджана за манаграфію “Колькасная візуалізацыя плыней, заснаваная на спекл-тэхналогіях”, якая выйшла ў Выдавецкім доме “Беларуская навука” ў 2016 годзе. Праца супрацоўнікаў ІЦМА была аднагалосна падтрымана Аргкамітэтам прэміі, якая прысуджаецца Фізіка-тэхнічным інстытутам імя А.Ф.Іофе (Санкт-Пецярбург, Расія).
Конкурс на прысуджэнне прэміі імя Ю.І.Астроўскага праводзіцца штогод з 1997 года. Да разгляду прымаюцца работы або цыклы работ, выкананыя на тэрыторыі СНД і апублікаваныя на працягу 5 гадоў, што папярэднічаюць году правядзення конкурсу.