Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.05.2018

26 мая ў Цэнтральным Батанічным садзе адбудзецца літаратурна-музычны фестываль “Бэзавае полымя паэзіі”

26 мая (субота) 2018 года у 12.00 у Цэнтральным Батанічным садзе (аранжарэя трапічных раслін) адбудзецца літаратурна-музычны фестываль “Бэзавае полымя паэзіі”.

Арганізатары мерапрыемства - Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі.

Удзельнікі фестывалю – таленавітыя беларускія паэты розных пакаленняў, музыкі, спевакі. Спецыяльны госць мерапрыемства – камерны хор “SALUTARIS”, неаднаразовы пераможца і прызёр міжнародных конкурсаў. Мастацкі кіраўнік хора – Вольга Янум. Прыемным бонусам для ўдзельнікаў і гасцей імпрэзы стане экскурсія па аранжарэі трапічных раслін. Не абыдзецца свята і без удзелу вядучых беларускіх часопісаў – «Вясёлкі», «Маладосці», «Полымя», «Верасня». Старонкі выданняў не раз адкрывалі краіне і свету новыя імёны і творы. Дзень «Бэзавага полымя» працягне гэтую традыцыю: у праграме мерапрыемства – цікавы творчы дэбют. Асоба выступоўцы пакуль застаецца ў сакрэце, але арганізатары фестывалю запэўнілі: сустрэча будзе вартай чакання.

Для таго, каб трапіць на свята, дастаткова назваць пароль “Бэзавае полымя паэзіі”. Кожны, хто згадае назву свята пры ўваходзе, трапіць у “краіну кветак і вясны”.