На працягу многіх гадоў Аляксандр Лакотка падарожнічаў па Беларусі ў складзе навукова-даследчых экспедыцый, выканаў не адну серыю замалёвак і графічных работ пейзажаў розных рэгіёнаў, запаведных куткоў нашай краіны.
Любімая тэма мастака – прырода, ландшафтныя сельскія пейзажы, тыповыя беларускія вёскі (Зарэчча, Паселішча, Нізок, Залессе), хутары, мястэчкі (Рубяжэвічы, Дзярэчын, Ракаў), помнікі народнага дойлідства. Яго творы адрозніваюцца паэтычнасцю і лірызмам, прасякнуты любоўю да роднай зямлі, апяваюць яе непаўторнае хараство, працягваюць развіваць традыцыі беларускіх мастакоў. Усяго за гады творчасці Аляксандрам Лакоткам створана больш за чатырыста акварэляў і графічных прац. Выстава “Краявіды малой Радзімы” праводзіцца ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, прысвечаных Году малой радзімы, а таксама 90-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Году малой радзімы прысвечана і кніга акадэміка Аляксандра Лакоткі “Колеры і легенды роднай зямлі”, якая выйшла нядаўна ў выдавецтве “Беларуская навука”. У ёй прадстаўлена каля 200 твораў акварэльнага жывапісу і графікі.
Фота газета Навука