Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.09.2018

Перад будынкам Прэзідыума НАН Беларусі адкрылі новую скульптурную кампазіцыю “Пераемнасць беларускай навукі” і далі старт новага навучальнага года ў магістратуры ІПНК НАН Беларусі

1 верасня 2018 года перад будынкам Прэзідыума НАН Беларусі ў рамках урачыстага мерапрыемства, прысвечанага пачатку новага навучальнага года ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, адбылася цырымонія адкрыцця новай скульптурнай кампазіцыі “Пераемнасць беларускай навукі” (аўтары – скульптары Алена Хараберуш, Леанард Пакульніцкі і архітэктар Армэн Сардараў).

Скульптура выконвае не толькі дэкаратыўную функцыю, але і нясе значную сэнсавую нагрузку, мастацкімі сродкамі перадае сувязь пакаленняў беларускіх вучоных. Рэалізаваны ў бронзе праект, прысвечаны 90-годдзю НАН Беларусі, стане важнай мастацкай дамінантай у агульнай кампазіцыі ўваходнай зоны будынка Прэзідыума НАН Беларусі, падкрэсліць асноўную задуму гістарычнага архітэктурнага збудавання, яго стыль.

1 верасня 2018 года ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі пачалі вучобу па 9 спецыяльнасцях 105 магістрантаў. Гэта – выпускнікі БДУ, БДУІР, БНТУ, БДЭУ, БДПУ і інш. Звяртаючыся да магістрантаў з прывітальным словам, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў заклікаў іх займаць актыўную даследчую і жыццёвую пазіцыю, шчыльна ўключацца ў жыццё навуковых арганізацый НАН Беларусі. Тэрмін навучання ў магістратуры ІПНК НАН Беларусі – 2 гады. Выпускнікі вочнай бюджэтнай формы падлягаюць размеркаванню і размяркоўваюцца, у асноўным, у навуковыя арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук. Падрыхтоўка студэнтаў на другой ступені вышэйшай адукацыі ў магістратуры ажыццяўляецца ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі з 2007 года.

Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства магістранты накіраваліся ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я.Коласа НАН Беларусі, дзе іх прывітаў і коратка азнаёміў з магчымасцямі і паслугамі бібліятэкі дырэктар доктар гістарычных навук Аляксандр Іванавіч Груша. Далей пачалася першая навучальная лекцыя, якую прачытаў прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, доктар філасофскіх навук Аляксей Іванавіч Осіпаў.