Як адзначыў на цырымоніі ўручэння намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін: “Трэба вяртацца да тых кантактаў, якія ў нас былі ў савецкія часы. Хачу, каб людзі, якія акружаюць вас, разумелі значнасць вашага ўкладу”. Ён уручыў касманаўтам памятны знак “У гонар 90-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Узнагароды героям касманаўтам уручаны за значны асабісты ўклад у міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне касманаўтыкі. Важна адзначыць, што ўручаныя медалі былі за першымі нумарамі. “Я ведаю, што касманаўты заўсёды хочуць быць першымі ва ўсім, а ўсе прысутныя тут касманаўты ў тым ці іншым аспекце такімі і з’яўляюцца”, - падкрэсліў Сяргей Кілін.
На сустрэчы касманаўтаў з кіраўніцтвам НАН Беларусі, маладымі вучонымі абмяркоўваліся магчымыя шляхі ўзаемадзеяння касманаўтаў і навукі. Даследчыкі акадэміі навук пазнаёмілі касманаўтаў з айчыннымі распрацоўкамі ў сферы беспілотных лятальных апаратаў, біятэхналогій. У цэнтры ўвагі была спецыфіка працы рознай апаратуры ў касмічных умовах, далейшыя магчымасці выкарыстання лактаферыну, медыцына, робататэхніка. У сваю чаргу, касманаўты падзяліліся сваім бачаннем магчымага далейшага прасоўвання сумесных навуковых праектаў, расказалі пра асаблівасці ўкаранення навуковых распрацовак для касмічнай сферы.