Акрамя пагаднення аб стварэнні сумеснай лабараторыі, сёння падпісаны яшчэ два дакументы паміж навуковымі арганізацыямі Беларусі і кітайскай правінцыі Шаньдун.
Так, падпісаны трохбаковы Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі, Акадэміяй навук правінцыі Шаньдун і Муніцыпальным урадам г. Цзінань. Згодна з дакументам, у бліжэйшы час беларускія і кітайскія вучоныя вызначаць прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў для супрацоўніцтва, абмяркуюць магчымасць стварэння новых Кітайска-Беларускіх лабараторый і вызначаць пералік канкрэтных сумесных праектаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, з мэтай развіцця адпаведных тэхнічных і прамысловых галін. Як адзначыў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык, – “Сумесная праца НАН Беларусі з навуковымі арганізацыямі Кітайскай Народнай Рэспублікі праходзіць вельмі актыўна. Прэзідэнт Кітайскай акадэміі навук г-н Бай Чуньлі з’яўляецца замежным членам НАН Беларусі. У цяперашні час мы перайшлі на ўзровень супрацоўніцтва з рэгіёнамі Кітая. Спадзяёмся, што новы Мемарандум дасць магчымасць узняць супрацоўніцтва паміж беларускімі і кітайскімі вучонымі на новы ўзровень”.
Сёння ў НАН Беларусі БДУІР і Цэнтр камп’ютарных навук правінцыі Шаньдун таксама падпісалі пагадненне аб стварэнні Сумеснай Беларуска-Кітайскай лабараторыі.
24-25 верасня 2018 года ў НАН Беларусі знаходзіцца дэлегацыя правінцыі Шаньдун (КНР) на чале з намеснікам мэра г. Цзінань сп-няй Ван Гуйін. Мэта візіту – абмеркаванне перспектыўных напрамкаў і механізмаў развіцця супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Акадэміяй навук правінцыі Шаньдун. Члены дэлегацыі наведалі шэраг навуковых арганізацый НАН, у тым ліку Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя В.А. Белага (г. Гомель), Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава, Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій.