Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Арменія Армен Саркісян падчас сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімірам Гусаковым, Беларусь і Арменія павінны актывізаваць навуковае супрацоўніцтва ў галіне лічбавых і лазерных тэхналогій, кібербяспекі, выкарыстання ядзернай энергіі і фармацэўтыкі. На думку Прэзідэнта Арменіі, сярод перспектыўных напрамкаў – даследаванні ў галіне біятэхналогій, генетыкі, электронікі, вытворчасці прадуктаў харчавання. “Па гэтых напрамках мы наўпрост можам працаваць разам”, - падкрэсліў Армен Саркісян. Прэзідэнт Рэспублікі Арменія адзначыў, што ўражаны вынікамі навуковай дзейнасці вучоных арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук, асабліва ў галіне касмічных даследаванняў, аўтаматычнай ідэнтыфікацыі аб’ектаў, тавараў і паслуг, а таксама электронікі. Армен Саркісян з цеплынёй успомніў, што ўпершыню наведаў гістарычны будынак НАН Беларусі яшчэ маладым навукоўцам у далёкім 1976 годзе, калі ўдзельнічаў у працы Міжнароднай канферэнцыі па фізіцы. “Сяброўства паміж Акадэміямі навук нашых дзвюх краін мае велізарную каштоўнасць”, - адзначыў Армен Саркісян.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, звяртаючыся да высокага госця, адзначыў, што літаральна тыдзень таму дэлегацыя НАН Беларусі вярнулася з урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Арменіі. Падчас сустрэч з кіраўніцтвам прагаворваліся перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Сярод іх – сумесныя даследаванні беларускіх і армянскіх вучоных у галіне касмічных тэхналогій, біялогіі, аграрных і фізіка-тэхнічных навук. “У нас шмат агульных падыходаў. Мы дамовіліся аб аб’яднанні нашых намаганняў па цэлым шэрагу напрамкаў. Мы будзем разам працаваць. І мы зможам зрабіць многае для эканомік нашых дзвюх краін”, - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Прэзідэнт Рэспублікі Арменія вядомы як навуковец-фізік і дыпламат. Армен Саркісян скончыў Ерэванскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці тэарэтычная фізіка і матэматыка. У 1976-1990 гг. – выкладчык фізічнага факультэта Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Заснаваў аддзяленне матэматычнага мадэлявання складаных сістэм кафедры тэарэтычнай фізікі Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у якасці выкладчыка ў шэрагу замежных навуковых цэнтраў і ўніверсітэтаў. Армен Саркісян – ганаровы доктар Нацыянальнай акадэміі навук Арменіі.