Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.11.2018

Да 90-годдзя НАН Беларусі праект “Навукаманія” пакажа два спецыяльныя выпускі

Тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтаваў два спецыяльныя выпускі навукова-папулярнай праграмы “Навукаманія”, прысвечаных 90-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У першым выпуску, які будзе паказаны 10 лістапада ў 14:05 будзе расказана пра гісторыю стварэння галоўнай навуковай установы краіны: чаму першымі кіраўнікамі беларускай Акадэміі навук былі менавіта гісторыкі, дзе працавалі беларускія вучоныя падчас Вялікай Айчыннай вайны, як павінен быў выглядаць адзін з самых эфектных будынкаў сталіцы – будынак Акадэміі навук. Гледачоў чакае інтэрв’ю з дырэктарам Інстытута гісторыі на тэму супрацьстаяння спробам перапісаць нашу гісторыю, а таксама эксклюзіўны рэпартаж з галоўнага навуковага архіва краіны.

У другім спецыяльным выпуску “Навукаманіі”, які выйдзе ў эфір 17 лістапада ў 14:30, будзе звернута ўвага на развіццё беларускай навукі ў XXI стагоддзі. У праграме эксклюзіўнае інтэрв’ю з Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым – вядучая пагутарыць з ім аб новых распрацоўках, статусе беларускай навукі ў свеце, праблеме кадраў і ўкараненні навуковых даследаванняў у вытворчасць. Акрамя таго, гледачоў чакае знаёмства з адзінай у Беларусі жанчынай-акадэмікам і шмат нечаканых і цікавых фактаў.

“Навукаманія” – адзіны тэлевізійны сумесны праект Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і тэлеканала “Беларусь 3”. Кожная праграма прысвечана аднаму з напрамкаў у беларускай навуцы.