Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас з 90-годдзем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі!
Нараджэнне, станаўленне і развіццё Акадэміі супала з вызначальнымі падзеямі айчыннай гісторыі, якія пакінулі глыбокі след у жыцці і лёсе беларускага народа. З першых дзён свайго існавання Акадэмія стала вядучым навуковым даследчым цэнтрам рэспублікі, які аб’ядноўвае лепшых вучоных краіны. Прайшоўшы вялікі шлях, НАН Беларусі ўнесла важны ўклад у развіццё народнай гаспадаркі і культуры краіны, а па некаторых накірунках – і сусветнай навукі. За 90-гадовую гісторыю тут сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, якія маюць міжнароднае прызнанне.
Гісторыя Нацыянальнай акадэміі навук – гэта гісторыя адкрыццяў, вынаходак і прарываў, карпатлівага навуковага пошуку і найноўшых распрацовак па ўсім фронце сучасных навуковых ведаў. У момант стварэння штат Акадэміі навук складаў усяго 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў. Сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі – гэта буйная навукова-вытворчая карпарацыя, якая аб’ядноўвае цэнтры, інстытуты, вопытныя вытворчасці і эксперыментальныя базы, якія генеруюць і выпускаюць навукаёмістую прадукцыю. У яе складзе – 113 арганізацый- юрыдычных асоб, сярод якіх 60 навуковых устаноў. Але галоўным рэсурсам, капіталам НАН Беларусі заўсёды былі і застаюцца высокакваліфікаваныя кадры. Гэта каля 16 тысяч супрацоўнікаў, з іх 8 тысяч займаюцца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. У арганізацыях працуе звыш 400 дактароў і больш за 1700 кандыдатаў навук, 124 члены-карэспандэнты і 84 акадэмікі. Штогод у Акадэмію навук прыходзіць ад 300 да 350 маладых вучоных. Актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва. Падпісаны дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве з Акадэміямі навук і навуковымі цэнтрамі амаль з 90 краін свету.
Важна падкрэсліць: беларуская Акадэмія навук ад часу свайго стварэння заўсёды была выніковай, адпавядаючай духу часу і сусветным крытэрыям. І сёння НАН Беларусі актыўна задзейнічана ў рэалізацыі буйных праектаў і праграм агульнадзяржаўнага маштабу.
Дзяржава і асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка аказваюць сур’ёзную падтрымку развіццю Нацыянальнай акадэміі навук. Бо галоўная задача беларускіх вучоных – спрыяць росквіту нашай краіны, пабудове інавацыйнага грамадства, фарміраванню “разумнай эканомікі”, росту канкурэнтаздольнасці айчыннай вытворчасці.
Шчыра жадаю вам, паважаныя калегі, моцнага здароўя, творчых сіл і навуковых поспехаў!
З павагай,
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума
НАН Беларусі, акадэмік