У кожнай з манаграфій упершыню ў айчыннай музычнай навуцы раскрываюцца розныя грані кампазітарскай творчасці і канцэртнага выканальніцтва, у прыватнасці, харавога жанру, які знаходзіцца ля вытокаў музыкі еўрапейскай акадэмічнай традыцыі ў яго пралангацыі да сучаснай эпохі (Цмыг Г.П., Еўрапейскі харавы канцэрт. Гісторыя. Тэорыя. Практыка); храмавай богаслужбовай практыкі і гімнаграфіі (Чарнова Я.А., Гімнаграфія праваслаўнага богаслужэння ў беларускай музычнай культуры ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя); індывідуальнага кампазітарскага стылю, які рэпрэзентуе парадаксальную логіку мыслення (Капыцька Н.А., Нонсэнс у паэтыцы Віктара Капыцькі: “Шэсць Двайных Тэрцэтаў на вершы Люіса Кэрала”); спецыфікі выканальніцкай інтэрпрэтацыі музыкі (Гарбушына І.Л., Выканальніцкая інтэрпрэтацыя фартэпіяннага твора: беларускі кантэкст), а таксама нацыянальнага канцэртнага музіцыравання (у асобе піяністаў, арганістаў, выканаўцаў на народных і духавых інструментах, харавых і аркестравых дырыжораў), якое дасягнула ў перыяд дзяржаўнага суверэнітэту новых творчых вяршынь (Мдзівані Т.Г., Цмыг Г.П., Савіцкая В.П., Юўчанка Н.А., Нічкоў Б.В. Беларускае канцэртна-выканальніцкае мастацтва сучаснасці: 1991 г. - 2016).
Кожная кніга раскрывае нязведаныя раней старонкі айчыннага музычнага мастацтва ў розных галінах: кампазітарскае мастацтва, канцэртнае выканальніцтва, гімнаграфія, а таксама музычны фальклор. Кнігі адрознівае сапраўды акадэмічная глыбіня раскрыцця тэмы, энцыклапедычнасць ведаў, моцны гісторыка-тэарэтычны базіс.
Усе выданні багата ілюстраваны і ўтрымліваюць каштоўны крыніцазнаўчы матэрыял, прызначаны для прафесійных музыкантаў, аматараў музыкі, устаноў адукацыі культуры і мастацтва, а таксама для даследчыкаў гуманітарнага профілю.
У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі творчых ВНУ і музычныя калектывы.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя!