Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.11.2018

НАН Беларусі і Беларускі Саюз жанчын правядуць Круглы стол “Генетыка – жанчынам”

30 лістапада 2018 года (пятніца) у 14.00 на базе Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27, аўд. 141) адбудзецца Круглы стол “Генетыка – жанчынам”. Арганізатары мерапрыемства – Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі і Беларускі саюз жанчын.

У рабоце круглага стала прымуць удзел вядучыя вучоныя – генетыкі краіны, а таксама члены клуба жанчын-медыкаў “Крэда” Беларускага саюза жанчын. Гэта – галоўныя ўрачы паліклінік і бальніц, рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў г.Мінска, прадстаўнікі рэгіёнаў. Удзельнікі Круглага стала абмяркуюць такія праблемы, як: “Нутрыгеноміка: новы напрамак персаналізаванай медыцыны” і “Вызначэнне індывідуальных генетычных асаблівасцей чалавека – крок у будучыню”.

Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі назапашаны велізарны навуковы і практычны вопыт у галіне генетыкі чалавека. Штогод выконваецца больш за 35 000 аналізаў па вызначэнні генетычнай схільнасці да мультыфактарыяльных захворванняў, невыношвання цяжарнасці, высвятлення генетычных прычын мужчынскага бясплоддзя і інш.

Ва ўсім свеце генетыка становіцца асновай прафілактыкі і лячэння захворванняў. Перавага генетычнай дыягностыкі заключаецца ў тым, што яна дае магчымасць выявіць схільнасць да таго ці іншага захворвання задоўга да яго клінічных праяўленняў, своечасова прыняць прафілактычныя меры, прадухіліць развіццё або палегчыць працяканне захворвання. Сучасны падыход да лячэння захворванняў таксама павінен ажыццяўляцца з улікам індывідуальных генетычных асаблівасцей чалавека. У сваю чаргу, нутрыгеноміка становіцца новым напрамкам персаналізаванай медыцыны. Харчаванне ў ідэале павінна будавацца на індывідуальных асаблівасцях арганізма. Тое, што ядуць людзі, якія насяляюць пэўную тэрыторыю, залежыць не толькі ад даступнасці харчовых рэсурсаў, культурных традыцый і тэхналагічных дасягненняў, але і ад генетычна дэтэрмінаванай здольнасці засвойваць той ці іншы від ежы.

Падыход да прэсы - 13.45