Як было адзначана, упершыню ў гістарыяграфіі беларускія вучоныя прааналізавалі працэсы першапачатковага засялення тэрыторыі Беларусі, афармлення першых пратадзяржаўных утварэнняў (племянных княжанняў), разгледзелі першыя гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці (Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўская Русь, Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая). На шырокай гістарыяграфічнай базе і на аснове крыніц паказаны асаблівасці становішча ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, барацьба палітычнай эліты беларускага этнасу за дзяржаўны суверэнітэт у XVI-XVIII стагоддзях. Як адзначыў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя: “Гістарычны вопыт сведчыць, што за больш чым тысячагадовую гісторыю фарміравання беларускай дзяржаўнасці Беларусь ніколі не была каланіяльнай тэрыторыяй. Беларускі этнас, знаходзячыся ў складзе Кіеўскай Русі, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, заўсёды выступаў як складовая частка дзяржаваўтваральнага працэсу. Нам удалося гэта не толькі сфармуляваць, але і паказаць на аснове багацейшага археалагічнага матэрыялу, архіваў еўрапейскіх краін, Расіі. Мы не проста талерантны народ, мы народ, які насуперак усім складанасцям захаваў сваю мову, культуру, традыцыі, звычаі і здабыў сваю дзяржаўнасць”.
Усяго выйдзе пяць тамоў. Другі том будзе прысвечаны перыяду, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі (канец XVIII - пачатак XX стагоддзя). У трэцяй кнізе будзе адлюстравана гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1939 гадах, у чацвёртай – перыяд Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў і пасляваеннага аднаўлення. Пяты том раскажа пра падзеі з 1954 года да сучаснасці.