Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.01.2019

У НАН Беларусі пройдуць урачыстасці, прысвечаныя Дню беларускай навукі

25 студзеня 2019 года (пятніца) у НАН Беларусі (пр.Незалежнасці, 66) у 15.00 адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. У мерапрыемстве прымуць удзел каля пяцісот прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя вучоныя, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстасцях прыме ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Аляксеевіч Рапота.

Лепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды. Ад НАН Беларусі будуць узнагароджаны: лаўрэат звання “Вучоны года НАН Беларусі – 2018” акадэмік Мікалай Казак, пераможцы конкурсу “ТОП-10” вынікаў дзейнасці вучоных Акадэміі навук за 2018 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, а таксама маладыя вучоныя – лаўрэаты прэміі НАН Беларусі і фонду падтрымкі адукацыі і навукі (Алфёраўскага фонду).

З 9.00 будзе разгорнута выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Вучоныя і даследчыкі краіны прадставяць больш за 220 новых інавацыйных і навуковых распрацовак. Асноўная мэта маштабнай экспазіцыі – дэманстрацыя вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак навукі краіны, эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм у сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і работы, якая праводзіцца па ўмацаванні сувязі навукі з вытворчасцю.