Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука». Аўтарам ідэі, укладальнікам і рэдактарам выступіў в.а. намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута філасофіі НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валерый Максімовіч. У зборнік увайшлі вершы супрацоўнікаў (прафесійных паэтаў, а таксама аматараў мастацкага слова) найбуйнейшай навуковай установы краіны (Яўген Гарадніцкі, Алесь Бараноўскі, Таццяна Барысюк, Анатоль Кулак, Анастасія Касцюкевіч, Таццяна Мацюхіна, Серж Мінскевіч, Наталля Сантаровіч, Эдуард Сарока, Анатоль Трафімчык, Леанід Чумакоў і інш.). Ласкава пагадзіліся прыняць удзел у знакавым праекце Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік У. Р. Гусакоў, першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі, доктар сельскагаспадарчых навук І. П. Шэйко, доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Т. В. Габрусь. Іх паэтычныя радкі, напісаныя ад шчырага сэрца, прысвечаны тэме Радзімы, любові да маці, падзеям вайны, гісторыка-культурнай спадчыне, асэнсаванню маральна-этычных праблем сучаснасці, прызначэнню чалавека на зямлі. Ілюстрацыі да кнігі належаць дырэктару Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэміку А. І. Лакотка.
Кніга заклікана паслужыць умацаванню жывой повязі з глыбінна нацыянальным, сакральным, крэўна-роднасным. Яна стане яшчэ адным крокам дзеля ўшанавання і ўслаўлення гісторыка-культурнай спадчыны, слаўных імёнаў падзвіжнікаў і абаронцаў Айчыны.
На мерапрыемства запрошаны кіраўніцтва Прэзідыума НАН Беларусі, Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Выдавецкага дома «Беларуская навука», прадстаўнікі творчых ВНУ і сродкаў масавай інфармацыі.
Запрашаем усіх зацікаўленых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі: вул. Сурганава, 15, першы паверх, пакой 110.