Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.02.2019

Пайшоў з жыцця акадэмік НАН Беларусі Анатолій Іванавіч Лесніковіч

5 лютага 2019 года на 78-м годзе жыцця памёр вядомы вучоны-хімік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2012 год), доктар хімічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Анатолій Іванавіч Лесніковіч.

Лесніковіч А.І. нарадзіўся 3 красавіка 1941 года ў саўгасе “Рачкавічы” Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У 1965 годзе скончыў Белдзяржуніверсітэт. У 1966-1978 гадах працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры неарганічнай хіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У 1978-1990 гадах – загадчык лабараторыі НДІ ФХП Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У 1990-1996 гадах Лесніковіч А.І. – прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1996-2000 гадах – першы намеснік Старшыні ВАК Беларусі, у 2000-2002 – Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. З 2002 па 2008 год Лесніковіч А.І. працаваў намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2008 па 2017 год – загадваў кафедрай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

А.І. Лесніковіч – вядомы вучоны, які ўнёс значны ўклад у вывучэнне фізіка-хімічных працэсаў тэрмічнага ператварэння і гарэння, кінетыкі хімічных неізатэрмічных працэсаў, сінтэзу неарганічных злучэнняў і матэрыялазнаўства. Яго навуковыя даследаванні і распрацоўкі добра вядомыя спецыялістам у рэспубліцы і за мяжой. Прапанаваны ім метад вызначэння кінетычных характарыстык атрымаў развіццё ў працах аўстрыйскіх і французскіх вучоных, а адкрытая і вывучаная ім з’ява вадкаполымнага гарэння атрымала міжнародную вядомасць. Ён абгрунтаваў хімічную інжынерыю як навуку пра канструяванне хімічнымі метадамі сістэм з нана- і мікраразмерных элементаў і распрацаваў шэраг такіх сістэм.

Лесніковіч А.І. – аўтар каля 400 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, навучальнага дапаможніка, больш за 60 вынаходстваў. У 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.