Нарадзіўся М.П. Касцюк у вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1963 г. з адзнакай скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. У снежні 1966 г. Міхал Паўлавіч звязаў свой лёс з Інстытутам гісторыі АН БССР. Выбітныя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму прайсці ўсе ступені навуковай лесвіцы: ад аспіранта да акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1989 г. Міхаіл Паўлавіч быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 годзе – правадзейным членам (акадэмікам) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1998 г. акадэмік НАН Беларусі М.П. Касцюк атрымаў дыплом сапраўднага акадэміка Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва і Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Па рашэнні Міжнароднага навуковага савета Амерыканскага біяграфічнага інстытута, а таксама Кембрыджскага ўніверсітэта М.П. Касцюк прызнаваўся чалавекам года ў 1999, 2002, 2005, 2006 і 2007 гг. Адну з вышэйшых дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь – медаль Францыска Скарыны, М.П. Касцюк атрымаў 8 верасня 2010 г.
За час сваёй навуковай дзейнасці М.П. Касцюк стварыў уласную навуковую школу, асабіста падрыхтаваў 4 дактароў і каля 25 кандыдатаў гістарычных навук.
Навуковы пошук, сур’ёзнасць, удумлівасць, імкненне паглыбіцца ў самую сутнасць пытання і мэтанакіраванасць з’яўляліся вызначальнымі рысамі стылю навуковай дзейнасці Міхаіла Паўлавіча. Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляюцца больш за 250 асабістых навуковых публікацый, а таксама яркія і змястоўныя манаграфічныя даследаванні.
У 1989 г. М.П. Касцюк быў абраны на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі. На працягу дзесяці гадоў праяўляў сябе як выдатны арганізатар і каардынатар гістарычнай навукі не толькі ў рамках інстытута, але і ў рэспубліцы ў цэлым, паслядоўна адстойваючы нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Беларусі. М.П. Касцюк з’яўляецца адным з вядучых распрацоўшчыкаў нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, у адпаведнасці з якой беларускі народ выступае як аб’ектам, так і суб’ектам гістарычнага працэсу, сапраўдным творцам уласнай гісторыі.
У 2010 г. ён быў абраны ганаровым грамадзянінам горада Навагрудка і раёна. Акадэмік М.П. Касцюк быў ініцыятарам падрыхтоўкі фундаментальнага выдання, прысвечанага тысячагадовай гісторыі роднага горада. У выніку аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам М.П. Касцюка ў 2014 г. была створана калектыўная праца “Гісторыя Наваградка – з глыбінь стагоддзяў да нашых дзён”. Дакументальная аснова кнігі, яе змест, выдатнае паліграфічнае афармленне дазволілі ўвайсці гэтаму выданню ў ТОП-10 найважнейшых дасягненняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2014 год.