У рамках XXVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя кнігі Барыса Лазукі “У засені замкаў і палацаў”
У рамках XXVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу на галоўнай сцэне пляцоўкі адбылася прэзентацыя кнігі загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры філіяла “Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы” ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” Барыса Лазукі “У засені замкаў і палацаў” з удзелам аўтара. Выданне выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 2018 годзе. Кніга прысвечана матэрыяльнай культуры беларускай сацыяльнай эліты, якая да гэтага часу не была прадметам спецыяльнага даследавання. У аснову кнігі быў пакладзены храналагічны прынцып выкладу матэрыялу. Гэта дазволіла разгледзець традыцыі побыту беларускай арыстакратыі, заканамернасць развіцця айчыннага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўзаемасувязі з агульнаеўрапейскімі гісторыка-культурнымі працэсамі. У кнізе падрабязна апісваецца ўнутранае ўбранне сядзіб і палацаў, кожны элемент якіх уяўляе сабой асобны твор мастацтва. Гэта найбольш поўная падборка з дэталёвымі ілюстрацыямі і падрабязнымі апісаннямі. Выданне адрасуецца шырокаму колу чытачоў. Прэзентацыя суправаджалася выступленнем струннага трыа, якое выканала творы класічнай музыкі.