З 18 па 24 лютага 2019 года
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
У гэтым годзе да Дня роднай мовы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі прымеркаваны мерапрыемствы:
- 19.02.2019 ў 14.00 у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі (адрас: Сурганава 1, корпус 2) адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэта славянскіх і германскіх моў установы адукацыі “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”: знаёмства з гісторыяй Інстытута і сучаснымі даследаваннямі, выстава навуковых работ Інстытута, наведванне Музея старажытнай беларускай культуры.
- 20.02.2019 у 10.00 Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі”, на якім будуць абмяркоўвацца стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь. У пасяджэнні прымуць удзел выкладчыкі медыцынскіх навучальных устаноў краіны, вучоныя-тэрмінолагі, урачы.
- 20.02.2019 у 15.00 - Прэзентацыя на базе Музея Першага з’езда РСДРП кнігі Ярушэвіча А. В. “Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына”, падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. “Расейска-беларускі слоўнік” – гэта ўнікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення. Дадзены слоўнік з’яўляецца адзіным у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы, з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў другой палове 19-га – пачатку 20 ст. Гэта таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на памежжы стагоддзяў, яна дае змястоўныя звесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства ў адзначаны час.
- 21.02.2019 у 8.30 - Лекцыя дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Капылова “Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму” для слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – кіраўнікоў галоўных упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый.
- 21.02.2019 адбудзецца выступленне акадэміка Лукашанца А.А. перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ.
- 22.02.2019 у 11.00 адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка: адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства ў форме віктарыны “Простыя словы роднае мовы”
- 22.02.2019 у 15.00 ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбудзецца лекцыя вядомага даследчыка гісторыі беларускай мовы кандыдата філалагічных навук, дацэнта Сяргея Запрудскага “Мікола Байкоў – знаёмы і незнаёмы”, прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа, аўтара «Практычнага расійска-беларускага слоўніка» (1924, разам з М. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўніка» (1925), «Расійска-беларускага слоўніка» (1928, абодва разам з С. Некрашэвічам), “Практычнага беларускага вайсковага слоўніка” (у суаўтарстве з А. Бараноўскім) і інш.
На працягу тыдня вядучыя вучоныя Інстытута мовазнаўства выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.
Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная мэта гэтага свята – захаванне моўнай і культурнай шматстайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Абвяшчэнне ў нашай краіне 2018 і наступных гадоў Годам малой радзімы, рэгулярнае адзначэнне Дня беларускага пісьменства ў рэгіёнах Беларусі, міжнародныя кніжныя выставы-кірмашы, якія ладзяцца на працягу дваццаці шасці гадоў і, нарэшце, Міжнародны дзень роднай мовы мусяць не толькі нагадваць, але і служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыннікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як неацэнную спадчыну, што засталася нам ад продкаў і якая павінна быць перададзена дзецям як крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці, светапогляду.