Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.02.2019

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа абмеркавалі праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Тыдня роднай мовы, адбыўся круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі”. У ходзе круглага стала абмяркоўваліся актуальныя пытанні беларускай медыцынскай тэрміналогіі і прынцыпы фіксацыі адпаведнай спецыяльнай лексікі ў слоўніках медыцынскіх тэрмінаў.

Адкрываючы пасяджэнне круглага стала, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” Ігар Капылоў адзначыў, што толькі ў цесным супрацоўніцтве спецыялістаў філолагаў з прадстаўнікамі той ці іншай галіны ведаў можа адбывацца распрацоўка спецыяльнай тэрміналагічнай лексікі. Падставай для правядзення гэтага круглага стала стаў выхад тэрміналагічных даведнікаў у галіне медыцынскіх навук.

У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел: дырэктар ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” акадэмік Аляксандр Лакотка, старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр Лукашанец, намеснік акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Таццяна Гнядзько, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі медыцынскага профілю.

Адкрываючы работу круглага стала, Аляксандр Лукашанец падкрэсліў, што толькі тая мова, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця мае перспектывы ў будучыні, таму неабходна імкнуцца, каб беларуская мова паўнавартасна выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах жыцця нашага грамадства, у тым ліку ў медыцыне.