Апошнія дзесяцігоддзі, якія сталі пераломнымі для чалавецтва ў сацыяльна-палітычных і тэхналагічных адносінах, прынеслі з сабой мноства змен і ў сферу прыродакарыстання і аховы прыроды. Тэндэнцыі, што маюць месца ў прыродзе і грамадстве, пацвярджаюць вострую неабходнасць у сістэме назіранняў за станам навакольнага прыроднага асяроддзя, важнейшым складнікам якой з’яўляецца раслінны свет. Хоць узровень тэхнагеннага ўздзеяння на лясы, балоты, лугі, воды на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як і большасці краін былога СССР, у апошнія 20-25 гадоў прыкметна знізіўся, трансфармацыя прыроднай расліннасці працягваецца ў выніку змены клімату, глабалізацыі, развіцця інфраструктуры, інвазій чужародных арганізмаў, радыкальных змяненняў у структуры землекарыстання, звядзення лясоў. Гэтыя працэсы, розныя па інтэнсіўнасці, маштабах, накіраванасці, патрабуюць сталага назірання і своечасовага рэагавання на іх негатыўныя праявы. Расце патрэба ў інфармацыі пра стан флоры, расліннасці і раслінных рэсурсаў для абгрунтавання кіраўніцкіх і праектных рашэнняў. Маніторынг становіцца галоўным інструментам ацэнкі эфектыўнасці абмежаванняў і забарон, устаноўленых у дачыненні да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і асобных аб’ектаў расліннага свету. Новыя магчымасці ў гэтым кірунку адкрыліся з развіццём інфармацыйных і дыстанцыйных тэхналогій, спрашчэннем доступу да найноўшых дасягненняў навукі. Для забеспячэння інфармацыйных патрэб абыходжання з аб’ектамі расліннага свету ў Рэспубліцы Беларусь у рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя сфарміравана сістэма назіранняў, якая комплексна вырашае праблему кантролю іх стану.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя” (артыкул 7), “забеспячэнне бесперапыннага функцыянавання Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Маніторынг расліннага свету ўяўляе сабой сістэму працяглых і рэгулярных назіранняў за станам аб’ектаў расліннага свету і асяроддзя іх росту, а таксама ацэнкі і прагнозу іх змяненняў у мэтах захавання біялагічнай разнастайнасці, забеспячэння устойлівага стану і навукова абгрунтаванага выкарыстання аб’ектаў расліннага свету.
Манаграфія падрыхтавана калектывам аўтараў, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі (ДНУ “Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі”; ДНУ “Інстытут лесу НАН Беларусі”; УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”), адказныя за вядзенне асобных напрамкаў маніторынгу расліннага свету ў складзе нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь.
У манаграфіі прыводзяцца асноўныя вынікі назіранняў і ацэнкі стану расліннага свету па 7 напрамках маніторынгу расліннага свету. Падводзяцца вынікі работ па маніторынгу і вывучэнні стану расліннага свету, абмяркоўваюцца актуальныя праблемы маніторынгу лугавой, воднай і балотнай расліннасці, рэсурсаўтваральных, чужародных шкоднасных і ахоўных відаў раслін, ахоўных і гарадскіх зялёных насаджэнняў і шляхі іх вырашэння.
Кніга прызначана для работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання, спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і выкарыстання пры-родных рэсурсаў, навуковых работнікаў і выкладчыкаў ВНУ, якія працуюць у галіне біялогіі і экалогіі, чытачоў, якія цікавяцца праблемамі экалогіі. Вынікі могуць быць выкарыстаны пры правядзенні экспертыз экалагічнага стану аб’ектаў расліннага свету, ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе аб’ектаў планаванага і існуючага будаўніцтва і распрацоўцы аператыўных (для ўліку ў праектаванні) і перспектыўных (для ўліку ў працэсе эксплуатацыі) рэкамендацый па мінімізацыі ўздзеяння на біяразнастайнасць у раёне будаўніцтва .
Запрашаем усіх зацікаўленых асоб у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ Беларусі: вул. Сурганава, 15, першы паверх, аўдыторыя 110, пачатак - 18.30.