Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.03.2019

Адбылася міжнародная канферэнцыя “Сумесныя намаганні па захаванні і выкарыстанні генетычных рэсурсаў раслін у Беларусі”

19 сакавіка 2019 года ў Мінску пад эгідай Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) адбылася міжнародная канферэнцыя “Сумесныя намаганні па захаванні і выкарыстанні генетычных рэсурсаў раслін у Беларусі”. Дадзенае мерапрыемства праводзілася ў рамках заключнага семінара па выкананні праекта ФАО ў Рэспубліцы Беларусь па ўмацаванні адпаведнай Дзяржаўнай праграмы. Мэта праекта – узмацненне захавання і выкарыстання генетычных рэсурсаў раслін для вытворчасці прадуктаў харчавання і вядзення сельскай гаспадаркі ў Беларусі для забеспячэння ўстойлівага развіцця сельскай гаспадаркі. Арганізатары форуму – рэгіянальны офіс ФАО па Еўропе і Цэнтральнай Азіі, НАН Беларусі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробстве”.

Як адзначыў, выступаючы на адкрыцці форуму, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў, – “Пытанне пра важнасць захавання і выкарыстання генетычных рэсурсаў пры стварэнні новых гатункаў сельскагаспадарчых раслін не выклікае сумнення. Рашэнне дадзенай праблемы напрамую звязана з забеспячэннем харчовай і эканамічнай бяспекі краіны. Сёння Нацыянальная калекцыя генетычных рэсурсаў раслін Рэспублікі Беларусь налічвае больш за 70 тысяч узораў. На аснове яе выведзена звыш 380 новых гатункаў сельскагаспадарчых культур рознага прызначэння. Гэта ў 8 разоў больш, чым было напярэдадні абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь”.

Як было адзначана на канферэнцыі, у выніку паспяховай рэалізацыі праекта Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) “Умацаванне дзяржаўнай праграмы па генетычных рэсурсах раслін у Беларусі” распрацавана Нацыянальная стратэгія па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні генетычных рэсурсаў раслін у Рэспубліцы Беларусь на перыяд 2020-2035 гг., распачата работа па арганізацыі далучэння Рэспублікі Беларусь да Міжнароднай дамовы па генетычных рэсурсах раслін, падрыхтавана да выдання калектыўная манаграфія “Генетычныя рэсурсы раслін Беларусі: мабілізацыя, захаванне, вывучэнне і выкарыстанне”. Будзе таксама працягнута праца па абмене генафондам раслін у рамках Еўрапейскай кааператыўнай праграмы па генетычных рэсурсах раслін у сістэме AEGIS.