Турнір Sciteen – гэта ўнікальнае каманднае спаборніцтва, дзе студэнтам і магістрантам прапануецца вырашыць актуальныя фундаментальныя і прыкладныя праблемы свету навукі і прамысловасці на стыку фізікі, хіміі, біялогіі, медыцыны, экалогіі, IT і не толькі. Удзельнікі прадстаўляюць свае навуковыя даследаванні ў рамках зададзеных тэматык перад публікай, абмяркоўваюць іх у займальнай палеміцы з калегамі з іншых каманд, універсітэтаў і краін. Журы конкурсу складаецца з навукоўцаў і выкладчыкаў вядучых даследчых інстытутаў і ўніверсітэтаў Беларусі і іншых краін, а таксама прадстаўнікоў кампаній-партнёраў мерапрыемства. Турнір Sciteen-2019 актыўна падтрымліваюць вядучыя кампаніі са сферы навукі і тэхналогіі, сярод якіх EPAM Systems, NatiVita, КАМПІЛАБ, Фонд “Навука вакол нас” і многія іншыя.
У 2019 годзе турнір Sciteen праводзіцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам ужо ў пяты раз. У адборачным этапе турніру прынялі ўдзел больш за 100 студэнтаў з 20 ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Францыі, але толькі лепшыя з іх прыбудуць на вочны этап спаборніцтваў, якія пройдуць 8-14 красавіка.
Такі фармат навуковага ўзаемадзеяння розных пакаленняў не мае аналагаў і прыносіць карысць развіццю даследчыцкага патэнцыялу моладзі, а тэмы, якія абмяркоўваюцца на турніры, выдатна дэманструюць, што навука, на самай справе, бязмежная. Сярод заданняў турніру будуць такія тэмы, як: 3D-друк лекавых сродкаў, “мяса з прабіркі”, распрацоўка платформы для пошуку зніклых людзей, стварэнне біянічнага вока, “Цясла” для горназдабываючай прамысловасці і інш.