Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.04.2019

Інстытут філасофіі НАН Беларусі запрашае да ўдзелу ў канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю акадэміка НАН Беларусі Дзмітрыя Шыраканава

Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў – выдатны беларускі філосаф другой паловы XX – пачатку XXI стагоддзяў, адзін з заснавальнікаў акадэмічнай філасофскай школы Беларусі.

Незвычайна шырокае кола філасофскіх інтарэсаў акадэміка Д.І. Шыраканава і даследуемых ім праблем: дыялектыка неабходнага і выпадковага; узаемасувязь катэгорый дыялектыкі; дыялектычная інтэрпрэтацыя станаўлення і развіцця катэгорый пазнання ў філасофскіх канцэпцыях Старажытнай Індыі, Кітая і Грэцыі; грунтоўнае даследаванне трактовак катэгорый нямецкай класічнай філасофіі; разгорнутае раскрыццё дыялектыкі ўзаемасувязі катэгорый пазнання ў філасофскіх даследаваннях XX стагоддзя.

Істотная характарыстыка яго творчасці – накіраванасць на рашэнне глыбінных праблем філасофскіх ведаў. У сваіх працах Дзмітрый Іванавіч значную ўвагу надае праблемам сінергетыкі, прынцыпам тэарэтычнага мыслення ў гісторыі пазнання, асаблівую ўвагу акцэнтуючы на раскрыцці спецыфікі сучаснага стылю мыслення і звязаных з ім метадаў пазнання.

Акадэмік Д.І. Шыраканаў па праву з’яўляецца прызнаным класікам беларускай філасофіі. Шматлікія працы Дзмітрыя Іванавіча ўносяць істотны ўклад у развіццё філасофскай думкі ў нашай краіне. Яго даследаванні атрымалі шырокае міжнароднае прызнанне філасофскай супольнасці.

Мэтай юбілейнай канферэнцыі, якая пройдзе ў ДНУ “Інстытут філасофіі НАН Беларусі”, з’яўляецца абмеркаванне навуковага ўкладу Д.І. Шыраканава ў абгрунтаванне метадалагічных канцэптаў, абагульненне вопыту філасофскіх даследаванняў другой паловы XX – пачатку XXI стагоддзяў у галіне анталогіі і тэорыі пазнання і вызначэнне перспектыў развіцця фундаментальных філасофскіх ведаў у сучасных умовах. Правядзенне такога мерапрыемства павінна садзейнічаць пераемнасці айчыннай філасофскай традыцыі, пошуку новых перспектыўных напрамкаў і фарміраванню стратэгічных прыярытэтаў развіцця філасофскіх ведаў і іх інтэграцыі ў сучасную сусветную навуку.

Праблемнае поле канферэнцыі:
• Дыялектычная інтэрпрэтацыя філасофскіх катэгорый: гісторыя і сучаснасць;
• Анталогія і гнасеалогія ў абгрунтаванні прыярытэтаў развіцця сучаснай навукі;
• Логіка і метадалогія навуковага пазнання;
•Дыялектыка неабходнага і выпадковага. Парадак і хаос ў парадыгме сучаснай навукі;
• Філасофія прыродазнаўства і тэхнікі;
• Трансдысцыплінарны сінтэз у сучасным навуковым пазнанні;
• Інтэгратыўная функцыя філасофіі ў фарміраванні цэласнай карціны свету;
• Філасофскія катэгорыі ў сучаснай гуманітарыстыцы;
• Стылі мыслення і парадыгмы пазнання.

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна ў тэрмін да 2 мая 2019 года даслаць заяўку і тэзісы даклада ў форме электроннага ліста на адрас shirokanov2019conference@mail.ru У тэме электроннага ліста неабходна пазначыць “Конференция_ШыраканаўД.І.”. Падрабязнасці ў інфармацыйным лісце.