Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.04.2019

Прадстаўнікі НАН Беларусі прынялі ўдзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай развіццю касмічнай галіны Беларусі на сучасным этапе

У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя “Развіццё касмічнай галіны Беларусі на сучасным этапе”, прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі. Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел: Пётр Віцязь, кіраўнік апарата НАН Беларусі; Барыс Чарнуха, намеснік дырэктара па навуковай рабоце навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі.

Пётр Віцязь расказаў журналістам пра спадарожнікі, у рабоце над якімі прымала ўдзел НАН Беларусі, а таксама аб планах па засваенні касмічнай прасторы. “Заканчваецца эскізнае праектаванне новага спадарожніка больш высокага распазнавання, які распрацоўваецца цяпер “Раскосмасам” і Нацыянальнай акадэміяй навук разам з прадпрыемствам “Пеленг”. Фактычна яно знаходзіцца на завяршальнай стадыі”, – адзначыў Пётр Віцязь. Таксама ў сваім выступленні Пётр Віцязь адзначыў важнасць падрыхтоўкі маладых кадраў для касмічнай галіны, якая ў дадзены момант вядзецца на базе БДУ, БДУІР, НАН Беларусі.

Барыс Чарнуха расказаў аб правядзенні работ па сумесных расійска-беларускіх касмічных праграмах. Азнаёміў са станам дзеючай касмічнай станцыі, а таксама з работамі, якія вядуцца зараз у гэтым напрамку. Амаль за 7 гадоў эксплуатацыі беларускага спадарожніка было знята больш за 300 млн. квадратных кіламетраў розных тэрыторый з распазнаваннем 2,1 м. Выручка ад рэалізацыі праекта на 15 млн. долараў перавысіла выдаткі на яго рэалізацыю. Тэрмін эксплуатацыі дзеючага спадарожніка быў працягнуты да 2021 г. Беларускі спадарожнік працуе ў групоўцы з 6 расійскімі апаратамі. Дзякуючы такой сістэме забяспечваецца перыядычнасць здымкі тэрыторыі з частатой 1 раз у суткі. У ходзе рэалізацыі сумесных расійска-беларускіх касмічных праграм ажыццяўляюцца наступныя мерапрыемствы: стварэнне шматузроўневай сістэмы, якая камбінуе наземныя і касмічныя крыніцы інфармацыі, распрацоўка ўзораў бартавога абсталявання з палепшанымі эксплуатацыйнымі характарыстыкамі, стварэнне лічбавай асновы геалагічных і біялагічных карт, карт зялёных насаджэнняў, выяўленне невыкарыстоўваемых у гаспадарчым абароце зямель і інш.

Новы спадарожнік, які ствараецца пры ўдзеле беларускага боку, не будзе саступаць сусветным аналагам і будзе забяспечваць распазнаванне здымкаў да 0,35 м. Акупнасць праекта будзе дасягацца дзякуючы двум камерцыйным складнікам: продаж атрымліваемых здымкаў і пастаўка саміх сістэм, якія забяспечваюць дадзеную здымку. Здымка на новым апараце будзе праходзіць у мультраспектральным, панхраматычным і стэрэа рэжыме. Вывад на арбіту новага апарата запланаваны на 2023 год.