Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.04.2019

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбылося прэс-мерапрыемства, прымеркаванае да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

17 красавіка 2019 г. у ДНУ “Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” прайшло прэс-мерапрыемства “Невядомыя старонкі вайны ў даследаваннях беларускіх гісторыкаў”, прымеркаванае да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, вучоныя-гісторыкі Інстытута гісторыі, прадстаўнікі навуковай грамадскасці. У рамках прэс-мерапрыемства прайшла прэзентацыя новага навуковага часопіса “Беларускі гістарычны агляд”. Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі арганізаваў выставу экспанатаў, прысвечаных гісторыі НАН Беларусі.

У сваім выступленні Аляксандр Каваленя падкрэсліў актуальнасць тэмы Вялікай айчыннай вайны для беларускага народа і ролю беларускіх гісторыкаў ва ўвекавечанні памяці пра падзеі тых гадоў. Таксама акадэмік-сакратар расказаў аб супрацоўніцтве беларускіх вучоных з замежнымі калегамі і зрабіў упамінанне аб падрыхтоўцы навучальнага дапаможніка для расійскіх і беларускіх настаўнікаў для збліжэння поглядаў на падзеі ваеннай гісторыі Другой сусветнай вайны.

Загадчык аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Літвін расказаў аб падрыхтоўцы навуковых канферэнцый, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь, а таксама аб новых выданнях Інстытута, прысвечаных гэтай праблематыцы. У прыватнасці была прадстаўлена новая кніга “Хто можа, перадайце родным ...” Таямніцы турэмных камер акупаванага Гомеля (1941-1943)”, прысвечаная пошуку сведчанняў пра лёс вязняў нацысцкай турмы ў г. Гомелі, якія пакінулі надпісы на сценах турэмных камер.

Дырэктар фонду “Гістарычная памяць” Аляксандр Дзюкаў расказаў аб падтрымцы, якая аказваецца фондам беларускаму боку ў выданні работ, а таксама аб новым сумесным праекце Інстытута расійскай гісторыі РАН і Інстытута гісторыі НАН Беларусі – навуковым часопісе “Беларускі гістарычны агляд”. Часопіс арыентаваны ў першую чаргу на публікацыю рэцэнзій на працы па гісторыі Беларусі.

Выканаўчы сакратар Расійска-беларускай асацыяцыі гісторыкаў “Саюзная ініцыятыва памяці і згоды” Дзмітрый Суржык анансаваў правядзенне другой міжнароднай школы маладых гісторыкаў “Спаленыя вёскі: Хатынь і яе сёстры”, якая пройдзе 7-13 кастрычніка 2019 г. Удзел у школе змогуць прыняць пераможцы конкурсу эсэ. Падрабязней пра конкурс можна даведацца на старонцы мерапрыемства.