Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.04.2019

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Пытанні абароны і захавання культурнай спадчыны. Уборка і добраўпарадкаванне тэрыторый воінскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў”

16 красавіка 2019 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Пытанні абароны і захавання культурнай спадчыны. Уборка і добраўпарадкаванне тэрыторый воінскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў”, прымеркаваная да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел: намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза і навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Трубчык.

Вадзім Лакіза азнаёміў журналістаў з работамі, якія вядуцца супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, па захаванні і абароне культурнай спадчыны рэспублікі. “2018 год быў Годам малой Радзімы і ўсе даследаванні былі накіраваны на вывучэнне аб’ектаў, звязаных з разуменнем гісторыі малой Радзімы. У Дзятлаўскім, Слонімскім, Ашмянскім, Жлобінскім, Рэчыцкім, Столінскім, Пінскім, Брэсцкім, Камянецкім і ў шэрагу іншых раёнаў праводзіліся даследаванні гісторыка-культурнай спадчыны разам з раённымі выканаўчымі камітэтамі і школьнікамі”, – паведаміў Вадзім Лакіза. Таксама было адзначана плённае супрацоўніцтва групы падводнай археалогіі з дайвінг-клубам “Марскі Пегас” па вывучэнні Жаберскага замка, месца пераправы арміі Напалеона праз раку Бярэзіну і інш., якія трапілі ў Топ-10 навуковых даследаванняў НАН Беларусі за 2018 г.

Гісторыкі НАН Беларусі прымалі ўдзел у работах па мемарыялізацыі ўрочышчаў Трасцянец і Благаўшчына. Таксама было расказана аб працы гісторыкаў па ўдасканаленні заканадаўчай базы ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Алена Трубчык расказала аб грамадзянска-патрыятычным выхаванні грамадзян і навучэнцаў, якое праводзіцца ў рамках дзяржаўнай праграмы на 2015-2020 гг. па ўвекавечанні памяці загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў. У рамках гэтай праграмы навукоўцы Інстытута гісторыі супрацоўнічаюць з працоўнымі і адукацыйнымі калектывамі Першамайскага раёна горада Мінска і праводзяць работы па добраўпарадкаванні і ўборцы мемарыяльных помнікаў і месцаў пахавання загінуўшых. Былі прыведзены канкрэтныя прыклады такога супрацоўніцтва.



Фота С.Дубовік, газета “Навука”