Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.04.2019

Акадэмічныя бібліятэкі запрашаюць на акцыю Бібліяноч - 2019

19 красавіка 2019 года з 19:00 да 23:00 Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С. Лупіновіча прымуць удзел у гарадской бібліятэчнай акцыі Бібліяноч - 2019. У рамках акцыі кожная бібліятэка падрыхтавала насычаную навуковую, адукацыйную і забаўляльную тэматычныя праграмы.

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі запрашае дарослых і дзяцей адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі і дакрануцца да таямніц хімічных з’яў. Стаўшы ўдзельнікам праграмы “Элементы жыцця”, наведвальнікі бібліятэкі ў гэты вечар змогуць даведацца пра хімію будучыні і пра тое, як уплываюць хімічныя злучэнні на арганізм чалавека, праверыць свае веды ў захапляльных квэстах і віктарынах, на ўласныя вочы ўбачыць мікрасвет хімічных элементаў. Таксама ў праграме заяўлены навукова-папулярны стэнд-ап ад праекта “Разумны Мінск”. Гасцей чакаюць разнастайныя выставы: калейдаскоп унікальных старажытных кніг, лепшыя кнігі сусветнай літаратуры, экскурс у мінулае з навукова-папулярнымі часопісамі XX стагоддзя. Будуць прадстаўлены творчыя эксперыменты, кніжная архітэктура, арт-тэрапія, музычная гульня на садавіне, кулінарная алхімія, вакальна-танцавальны мікс ад Цэнтра нацыянальных культур, жывая гітарная музыка, джаз з беларускімі каранямі, майстар-клас па аргенцінскаму танга, а таксама вогненнае шоу ад тэатра Illizium.

Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка падрыхтавала праграму сумесна з Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай. Тэма вечара – “Аграсядзіба запрашае”. У праграме прадугледжаны: віктарыны, настольныя гульні, квэст, фотазоны, танцавальная і музычная праграмы з жывой музыкай, чытанне вершаў, псіхалагічны трэнінг, адукацыйныя і пазнавальныя лекцыі па здаровым ладзе жыцця і псіхалогіі, выставы кніг і друкаванай прадукцыі. Для дзяцей будзе арганізавана дзіцячая пляцоўка з майстар-класамі па вырабе ўпрыгожванняў для пакаёвых раслін з другаснай сыравіны, эка-майстэрня, аквагрым, жывы куток і многае іншае. Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка арганізуе гульні “Выбух мозгу” і “Мафія”. Акрамя таго дзяцей чакае катанне на поні.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вечара свабодны!

Больш падрабязна аб мерапрыемствах вечара можна даведацца на старонках у сацыяльных сетках:
Элементы жыцця
Аграсядзіба запрашае