Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.05.2019

НАН Беларусі рыхтуецца да сустрэчы электрамабільнага марафону

3 чэрвеня 2019 года Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі будзе прымаць удзельнікаў электрамабільнага марафону “Ралі Міру 2019” на Кубак Андрэя Нагеля.

Старт электрамабільнага марафону дадзены 27 мая ў г. Монтэ-Карла (княства Манака). Удзельнікам гонкі трэба пераадолець 4300 км па тэрыторыях дзяржаў: Манака - Францыя - Італія - Сан Марына - Харватыя - Венгрыя - Славакія - Польшча - Беларусь - Расія. Канчатковай кропкай Электрамабільнага Марафона стане г. Санкт-Пецярбург, куды ўдзельнікі спаборніцтваў прыбудуць 6 чэрвеня. 2 чэрвеня электрамабілі перасякуць беларуска-польскую мяжу, наведаюць гарады Брэст, Мір і прыбудуць у г. Мінск.

3 чэрвеня ў 10.00 удзельнікі электрамабільнага марафону прыбудуць на Рэспубліканскі палігон для выпрабаванняў мабільных машын Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі (вонкавы бок МКАД (М9), 6-ы км, з’езд каля зашклёнага пешаходнага моста (насупраць мікрараёна Ангарская), дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія сустрэчы. Замежныя госці змогуць азнаёміцца з выставай электратранспарту вытворчасці Рэспублікі Беларусь, напрамкамі навуковай дзейнасці Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі, яго матэрыяльна-тэхнічнай базай, а таксама з распрацоўкамі вучоных у галіне развіцця электратранспарту (план сустрэчы прыкладаецца). Плануецца, што электрамабілі, створаныя ў Аб’яднаным інстытуце машынабудавання НАН Беларусі, стануць неафіцыйнымі ўдзельнікамі гонкі і пройдуць па дарогах Беларусі з нумарамі ўдзельнікаў электрамабільнага марафону.

Даведачна. Задэклараваная місія электрамабільнага марафону “Ралі Міру 2019” – звярнуць увагу еўрапейскай і сусветнай грамадскасці на праблемы абароны навакольнага асяроддзя, папулярызаваць транспартныя сродкі з нулявымі выкідамі ў атмасферу, а таксама спрыяць развіццю інфраструктуры па абслугоўванні электрамабіляў у Еўропе.