Уладзімір Гусакоў і Се Фучжан абмеркавалі прапанову НАН аб стварэнні на базе Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” лабараторыі грамадскіх навук, што створыць базу для правядзення сумесных даследаванняў у галіне сацыя-гуманітарных навук, арганізацыі мерапрыемстваў, канферэнцый і форумаў. Таксама Уладзімір Гусакоў выступіў з прапановай распрацоўкі “Дарожнай карты” развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай навуковай сферы паміж НАН Беларусі і Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук. “У нас складваюцца добрыя сувязі паміж беларускімі і кітайскімі навукоўцамі. Выкананы цэлы шэраг праектаў. У цяперашні час 31 арганізацыя Нацыянальнай акадэміі навук заключыла пагадненні і мемарандумы з навуковымі арганізацыямі Кітая. На базе НАН Беларусі створана 20 сумесных структур, даследчых цэнтраў і лабараторый з кітайскімі партнёрамі. “Дарожная карта”, напоўненая канкрэтнымі напрамкамі і сумеснымі праектамі, будзе спрыяць пашырэнню і паглыбленню нашага супрацоўніцтва”, – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Прэзідэнт Кітайскай акадэміі грамадскіх навук пацвердзіў гатоўнасць кітайскіх навукоўцаў працаваць з беларускімі навуковымі арганізацыямі і адзначыў, што кітайска - беларускія двухбаковыя адносіны падтрымліваюцца на высокім узроўні. Гэта стратэгічнае партнёрства.
На дадзены момант узаемадзеянне паміж НАН Беларусі і Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук актыўна развіваецца ў галіне філасофіі, эканамічных даследаванняў. Праведзена тры Беларуска-Кітайскія гуманітарныя навуковыя форумы. Ідзе падрыхтоўка да правядзення чацвёртага. Патэнцыял кітайскіх і беларускіх навукоўцаў дазваляе значна пашырыць сумесныя даследаванні ў галіне гісторыі, сацыялогіі, развіцця культуры.
За актыўнае супрацоўніцтва і развіццё беларуска-кітайскіх навуковых адносін прэзідэнту Кітайскай акадэміі грамадскіх навук Се Фучжану ўручана медаль “90 гадоў НАН Беларусі” і падзяка Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў.