Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.06.2019

НАН Беларусі прадставіць на “Белагра-2019” больш за 200 новых распрацовак і тэхналогій

47 арганізацый НАН Беларусі прымуць удзел у 29-й Міжнароднай сельскагаспадарчай выставе “Белагра-2019”. Усяго навукоўцы і спецыялісты Акадэміі навук прадставяць звыш 200 распрацовак і тэхналогій.

РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” прадэманструе ў рамках выставы насенне новых гатункаў асноўных сельскагаспадарчых культур, створаных вучонымі-аграрыямі на базе цэнтра. РУП “Інстытут ільну” пакажа новыя гатункі лёну-даўгунцу з высокім патэнцыялам ураджайнасці і прадуктыўнасці. РУП “Інстытут аховы раслін” прадставіць біяпрэпараты, створаныя на аснове мясцовых штамаў мікраарганізмаў-антаганістаў. Дадзеныя прэпараты не толькі садзейнічаюць павышэнню ўраджайнасці і паляпшэнню якасці прадукцыі, але і з’яўляюцца экалагічна бяспечнымі, не назапашваюцца ў раслінах, бясшкодныя для чалавека, жывёл, карысных насякомых, спрыяюць памяншэнню назапашвання раслінамі радыенуклідаў; прадукцыя можа выкарыстоўвацца ў дыетычным і дзіцячым харчаванні.

РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі” прадставіць найноўшыя біятэхналогіі ў племянной жывёлагадоўлі. Сярод іх – пацверджанне дакладнасці паходжання жывёл па мікрасатэлітных локусах (буйной рагатай жывёлы, свіней, коней); маркер-залежная селекцыя: вызначэнне генатыпу жывёльнага незалежна ад полу, узросту, фізіялагічнага стану і інш. РУП “Інстытут рыбнай гаспадаркі” прадэманструе тэхналагічнае абсталяванне новага інкубацыйнага цэха па ўзнаўленні рыбапасадачнага матэрыялу.

На традыцыйна арыгінальна аформленых выставачных стэндах РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве” наведвальнікі змогуць азнаёміцца з новымі гатункамі бульбы, унікальнымі па ўраджайнасці, таварнасці і лёжкасці.

З кожным годам усё больш пашыраецца асартымент распрацовак для прадпрыемстваў АПК, якія прапануюць акадэмічныя вучоныя біялагічнага, хімічнага і фізіка-тэхнічнага профілю.

Так, ДНУ “Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” пакажа стэнд па выкарыстанні лазерна-аптычных метадаў у тэхналогіі вырошчвання каштоўных парод рыб, які можа забяспечыць павышэнне ўзнаўленчай функцыі асятровых рыб у 1,3-1,5 раза.

Навукоўцы ДНУ “Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” прадэманструюць адну з апошніх распрацовак – экалагічна бяспечную садовую поліфункцыянальную, супрацьракавую замазку для дрэў. Яна з’яўляецца атмасфера - і марозаўстойлівай, доўгі час утрымліваецца на кары, валодае святлоадбівальным эфектам, прадухіляе страту вільгаці праз адкрытыя раны (выпарванне), закрывае доступ шкодным мікраарганізмам, спрыяе гаенню ран. ААТ “Прыборабудаўнічы завод “Оптрон” прадставіць электрыфікаваныя цялежкі-пад’ёмнікі ТПЭ-1, прызначаныя для выкарыстання ў тэхналагічным працэсе вырошчвання гародніны і раслін у парніковых гаспадарках.

ДНУ “Інстытут мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, які ўжо многія гады супрацоўнічае з сельгаспрадпрыемствамі краіны, прадэманструе на выставе “Белагра-2019” сярод іншых навінак біяпрэпараты для прамысловага рыбаводства, якія па эфектыўнасці пераўзыходзяць замежныя аналагі. Дадзеныя мікробныя ўгнаенні комплекснага дзеяння для рыбаводных сажалак павялічваюць натуральную рыба-прадуктыўнасць выроставых сажалак у 1,6 раза; зніжаюць выдаткі камбікармоў на 10-12%; скарачаюць расход азотна-фосфарных угнаенняў у параўнанні з нарматывам на 30-50%, а пры выкарыстанні арганічных угнаенняў у выглядзе перегною да 100%; памяншаюць сабекошт пасадачнага матэрыялу на 4-10%.