Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.06.2019

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў прыняў удзел у эстафеце “Полымя міру”

20 чэрвеня 2019 года Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў прыняў удзел у эстафеце “Полымя міру”. Ён пранёс факел міру па тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі. Усяго ў эстафеце ў ЦБС прынялі ўдзел пяць факеланосцаў, сярод якіх – знакаміты хакеіст Аляксей Калюжны, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Марыё Джорджа Стэфана Бальдзі, першы намеснік старшыні праўлення тэлеканала АНТ Дзмітрый Бачкоў, мінчанка Таццяна Філонец.

На “Востраве мастацтваў” азёрнага комплексу адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай знамянальнай падзеі. Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, правядзенне II Еўрапейскіх гульняў – вялікае свята, знакавая падзея для ўсёй Беларусі і для Цэнтральнага Батанічнага саду, дзе праходзіць эстафета агню. “Наша краіна ўсё больш становіцца папулярнай у свеце, бо тут актыўна развіваюцца спорт і навука”, – адзначыў Уладзімір Гусакоў. Ён павіншаваў усіх беларусаў з пачаткам буйнога спартыўнага форуму, пажадаў актыўнага ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах II Еўрапейскіх гульняў і заклікаў усіх хварэць за нашых спартсменаў.

У сваю чаргу, дырэктар Цэнтральнага батанічнага саду Уладзімір Ціток адзначыў, што вялікі гонар – прымаць эстафету “Полымя міру” ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, які з’яўляецца сапраўдным зялёным сэрцам сталіцы. Ён уручыў удзельнікам эстафеты памятныя сувеніры, павіншаваў усіх з пачаткам II Еўрапейскіх гульняў і выказаў упэўненасць, што мультыспартыўны форум пройдзе на самым высокім узроўні.

7700 кіламетраў – такі шлях пройдзе агонь II Еўрапейскіх гульняў да стадыёна “Дынама”. Агонь быў запалены 3 мая ў Рыме. Урачыстая цырымонія адбылася ў музеі Ara Pacis каля Алтара Міру. За мінулы час эстафета агню “Полымя міру” прайшла па тэрыторыі Італіі, Славакіі, Славеніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, 12 мая прыбыла ў Беларусь, у Мінск – 17 чэрвеня. У сталіцы эстафета прайшла па галоўных вуліцах і наведала прадпрыемствы, знакавыя і памятныя мясціны. 20 чэрвеня 2019 года на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі адбыліся чатыры перадачы агню. Прабег па тэрыторыі саду склаў каля 3 км. Завершыцца эстафета “Полымя міру” 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне “Дынама”, дзе адбудзецца цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў і запаляць чашу алімпійскага агню.

Фото газета Навука