Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.06.2019

Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі расказаў журналістам пра дасягненні беларускіх вучоных у выкарыстанні клетачных тэхналогій

У прэс-цэнтры Дома прэсы 20 чэрвеня 2019 года адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Дасягненні беларускіх вучоных у выкарыстанні клетачных тэхналогій для лячэння сацыяльна небяспечных захворванняў”. Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прыняў удзел дырэктар Дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Ганчароў.

Андрэй Ганчароў расказаў аб супрацоўніцтве Інстытута з Міністэрствам аховы здароўя, якое вядзецца ў галіне выкарыстання клетачных тэхналогій у лячэнні пацыентаў з 2006 г. Было адзначана, што ў рэспубліцы і свеце расце цікавасць да выкарыстання клетачнай медыцыны, асабліва для лячэння неінфекцыйных захворванняў. Клетачныя тэхналогіі беларускімі навукоўцамі і медыкамі выкарыстоўваюцца ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, а таксама для лячэння анкалагічных захворванняў. Спецыяліст адзначыў ліберальны падыход беларускага заканадаўства да галіны выкарыстання клетачных тэхналогій, што адкрывае магчымасці для даследаванняў і ўкаранення новых медыцынскіх прадуктаў, а таксама стварае патэнцыял для экспарту прадуктаў і паслуг за мяжу. Адзначаецца станоўчы вопыт выкарыстання дэндрытных клетак пры анкалогіі малочнай і падстраўнікавай залоз у тых выпадках, калі стандартныя пратаколы лячэння не паказваюць сваёй эфектыўнасці. Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі расказаў, што вядзецца праца па ўкараненні клетачных тэхналогій у стандартныя лячэбныя пратаколы, аднак ужо цяпер неабходную дапамогу можна атрымаць на платнай аснове на базе РНМЦ “Клетачныя тэхналогіі” пры Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі.