Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.07.2019

Уладзімір Гусакоў ўсклаў кветкі да абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Каваленя, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Андрэй Іванец падчас акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” сёння ўсклалі кветкі да абеліска ва Уруччы , на 9-м км Маскоўскай шашы. Помнік узведзены ў памяць аб 30 тысячах ваеннапалонных, савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў, расстраляных у 1941-1943 гг. На мемарыяльнай пліце выбіты імёны некалькіх дзясяткаў воінаў, якія загінулі ў раёне Уручча. Вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі прымалі непасрэдны ўдзел у рабоце па ўстанаўленні звестак пра загінуўшых герояў.

Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, “Сёння ў Беларусі робіцца ўсё неабходнае, каб грамадства і новыя пакаленні, што прыходзяць у гэта жыццё, ведалі і помнілі Праўду пра Вялікую Айчынную вайну. На месцах баёў і пахаванняў загінуўшых воінаў і партызан устаноўлены і беражліва захоўваюцца тысячы помнікаў і мемарыяльных комплексаў. Праводзіцца карпатлівая работа па аднаўленні імёнаў тых, хто да гэтага часу спачывае ў безыменных магілах”. Актыўныя пошукі ў гэтым напрамку, адзначыў Уладзімір Гусакоў, вучоныя- гісторыкі будуць весці і ў далейшым. Бо яшчэ не ўсе імёны загінуўшых нанесены на памятныя пліты.

У Беларусі працягваецца акцыя “Беларусь помніць. Помнім кожнага”. У рамках гэтай акцыі па ўсёй рэспубліцы адбываецца ўскладанне вянкоў ля мемарыялаў у памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, таксама арганізаваны хвіліны маўчання, каб ушанаваць кожную нявінную ахвяру.

Фота С.Дубовік, газета “Навука”


Тэгi
#акцыі