Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.07.2019

У НПЦ НАН Беларусі па харчаванні адбылося адкрыццё новай лабараторыі

4 ліпеня 2019 года на базе Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні адкрылася Навукова-даследчая лабараторыя функцыянальнага харчавання. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, Першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын, Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Валянцін Татарыцкі.

У новай лабараторыі будуць займацца распрацоўкай персаніфікаванага харчавання для стварэння рэцэптур і інавацыйных тэхналогій функцыянальных харчовых прадуктаў. Тут таксама будуць праводзіць навуковыя даследаванні прадуктаў дзіцячага харчавання, харчавання хворых са спадчыннымі і аліментарна-залежнымі захворваннямі, клінічныя даследаванні па ацэнцы эфектыўнасці новых відаў узбагачальных дабавак і інш. Генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Зянон Лоўкіс адзначыў, што стварэнне лабараторыі функцыянальнага харчавання з’яўляецца важным крокам для развіцця галіны. “Павысіць узровень жыцця насельніцтва, забяспечыць даўгалецце можна за кошт правільнага, збалансаванага харчавання ў адпаведнасці з індывідуальнымі паказчыкамі арганізма”, – падкрэсліў ён.

Фота І.Гармель, газета Навука