29 кастрычніка 2020 г. у 10:00 на базе Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі (Мінск, вул. Акадэміка Купрэвіча, 10) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ІІ Міжнароднай канферэнцыі «Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы», арганізаванай Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Мэта яе правядзення – абмеркаванне новых тэндэнцый і перспектыўных тэхналогій, а таксама тэхналагічнага абсталявання па асноўных напрамках галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі, фарміраванне адзінай платформы для развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу ў галіне. На канферэнцыі будзе разгледжаны комплекс навуковых і навукова-практычных задач, актуальных у сучасных умовах у галіне ЖКГ, якая стаіць на парозе істотнай тэхналагічнай мадэрнізацыі.
Плануецца, што ў форуме 29–30 кастрычніка прымуць удзел кіраўнікі НАН Беларусі, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, прадпрыемстваў сістэмы Мінжылкамгаса, арганізацый НАН Беларусі, ВНУ, спецыялізаваных беларускіх і замежных арганізацый у сферы ЖКГ.
Канферэнцыя ўключае 3 секцыі і 4 круглыя сталы з выступленнямі вучоных і спецыялістаў па актуальных пытаннях інавацыйнай мадэрнізацыі тэхналогій водазабеспячэння і водаадвядзення, забеспячэння эфектыўнай ачысткі і выкарыстання сцёкавых вод, папярэджання забруджвання крыніц водазабеспячэння, развіцця сістэм цеплазабеспячэння, выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі, уцягвання цвёрдых камунальных адходаў у гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны і змяншэння аб’ёмаў іх утварэння, а таксама па актуальных праблемах эканомікі, загараднага будаўніцтва, лічбавізацыі працэсаў, адукацыі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У рамках канферэнцыі з 9.00 да 18.00 будзе арганізавана выстава інавацыйных распрацовак для сістэмы ЖКГ, у якой прымуць удзел арганізацыі розных напрамкаў сістэмы ЖКГ.
З праграмай форуму можна азнаёміцца тут.