Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.11.2020

У Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі адбылася ХIХ Міжнародная канферэнцыя «РІНТІ-2020»

19 лістапада 2020 г. у Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі адбылася ХIХ Міжнародная канферэнцыя «Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі (РІНТІ-2020)».

Штогадовы форум прысвечаны пытанням развіцця інфарматызацыі (лічбавай трансфармацыі) і дзяржаўнай сістэмы НТІ ў Рэспубліцы Беларусь. Асноўныя напрамкі работы канферэнцыі: навукова-метадычнае, інфармацыйнае, тэхналагічнае і прававое забеспячэнне развіцця лічбавай трансфармацыі; аўтаматызаваныя сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, інфармацыйнае забеспячэнне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці; бібліятэчна-інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі, публікацыйная актыўнасць; псіхалагічныя аспекты ў інфарматызацыі.

Арганізатары канферэнцыі – ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», ДУ «Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы», Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка ДКНТ. Як паведаміў журналістам генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Аляксандр Тузікаў, сёння вучоныя працуюць над стварэннем сістэмы дыягностыкі хвароб лёгкіх з дапамогай штучнага інтэлекту.

«Дзякуючы таму, што ў нас ёсць тэлемедыцынскія сістэмы, у тым ліку тэлемедыцынская сістэма па лічбавай флюараграфіі, назапашаны вялікія аб’ёмы даных, якія дазволілі рэалізаваць тэхналогіі падтрымкі дыягностыкі лёгачных захворванняў на аснове тэхналогій штучнага інтэлекту. У эксперыментальным рэжыме працуе партал, дзе можна загрузіць выяву і атрымаць заключэнне, што думае інтэлектуальная сістэма пра стан лёгкіх дадзенага чалавека», – расказаў Аляксандр Тузікаў.