Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.12.2020

У Інстытуце мікрабіялогіі адбылося ўрачыстае адкрыццё НВЦ біятэхналогій

3 снежня 2020 года ў Інстытуце мікрабіялогіі адкрыты Навукова-вытворчы цэнтр біятэхналогій. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі НАН Беларусі, дырэктары навуковых арганізацый Акадэміі навук, будаўнікі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, журналісты. У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава інавацыйных біятэхналагічных распрацовак акадэмічных вучоных, абмеркаваны пытанні развіцця біятэхналагічнай галіны Рэспублікі Беларусь і павышэння яе экспартнага патэнцыялу.

Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, «за Акадэміяй навук замацавана функцыя навуковага суправаджэння развіцця біятэхналагічнай галіны ў краіне. Па выніках гэтага года ў Беларусі будзе зроблена біятэхналагічнай прадукцыі прыкладна на $1 млрд. Мы ўкараняем усё, што распрацоўваем. У новым НВЦ будуць выкарыстоўвацца самыя апошнія рэзультаты навуковых даследаванняў, а далей гэта прадукцыя пойдзе ў народную гаспадарку, у першую чаргу сельскую». Дырэктар Інстытута мікрабіялогіі Эмілія Каламіец ад сябе адзначыла: «Хацелася б, каб нашы распрацоўкі не ляжалі на паліцы, а недзе прымяняліся. Мы мэтанакіравана ідзём па гэтым шляху. І адкрыццё цэнтра – важны крок у гэтым напрамку. Ён дазваляе рэалізаваць нашы ідэі аж да выпуску прадукцыі на рынак».

На думку спецыялістаў, НВЦ будзе садзейнічаць насычэнню ўнутранага рынку канкурэнтаздольнай экалагічна бяспечнай біятэхналагічнай прадукцыяй, пашырэнню яе асартыменту, павышэнню экспартнага патэнцыялу і запатрабаванасці на сусветным рынку, развіццю біятэхналогій у краіне ў цэлым.

Адкрыццё 1-га пускавога комплекса Навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій адбылося 1 сакавіка 2019 года.

НВЦ біятэхналогій уяўляе сабой біятэхналагічную вытворчасць поўнага цыкла, аснашчаную сучасным тэхналагічным абсталяваннем для ферментацыі мікраарганізмаў-прадуцэнтаў і атрымання розных таварных форм біяпрэпаратаў. Яе праектная магутнасць – 20,5 тон/год сухіх прабіятычных прэпаратаў (першы пускавы комплекс) і 43,5 тон/год вадкіх комплексных мікробных прэпаратаў для раслінаводства (другі пускавы комплекс). Выкарыстанне ўказанага аб’ёму прабіётыкаў у вытворчасці кармоў забяспечыць атрыманне звыш 40 тысяч тон высокаякасных збалансаваных айчынных кармоў для буйной рагатай жывёлы, свіней, птушак, каштоўных відаў рыб, эканамічны эфект ад прымянення якіх складзе каля 10 млн руб. у год.