Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.12.2020

У Фізіка-тэхнічным інстытуце адкрылі ўчастак лазерных тэхналогій і арт-аб’ект «Граніт навукі»

9 снежня 2020 года ў Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё навукова-вытворчага ўчастка лазерных тэхналогій і арт-аб’екта «Граніт навукі». Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук Аляксандр Ласкоўнеў, кіраўнікі арганізацый Акадэміі навук.

Навукова-вытворчы ўчастак лазерных тэхналогій будзе дзейнічаць у рамках Галіновай лабараторыі электронна-прамянёвых і адзітыўных тэхналогій, створанай пры падтрымцы Міністэрства прамысловасці краіны. Лазерны комплекс набыты за кошт сродкаў Мінгарвыканкама, выдзеленых для развіцця матэрыяльнай базы галіновых лабараторый. Дадзенае абсталяванне пашырыць экспартны патэнцыял і магчымасці інстытута ў выкананні навуковых даследаванняў і асваенні іх вынікаў у прамысловасці. Лазернае абсталяванне выкарыстоўваецца для вывучэння і распрацоўкі адзітыўных тэхналогій вырабу і аднаўлення зношаных дэталей, кропкавай і шыўной прэцызійнай зваркі металаў і сплаваў, аўтаматычнай прадукцыйнай высокадакладнай рэзкі розных ліставых матэрыялаў. Лазерны комплекс дазваляе ствараць тэхналогіі высокахуткаснай тэрмаапрацоўкі дэталей, ажыццяўляць наплаўку парашковымі і драцянымі матэрыяламі ахоўных і ўмацавальных пакрыццяў у розных газавых асяроддзях.

Арт-аб’ект «Граніт навукі» ўсталяваны паблізу ад цэнтральнага ўвахода ў Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі ў рамках мерапрыемстваў напярэдадні 90-гадовага юбілею Фізіка-тэхнічнага інстытута і 80-гадовага юбілею Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі. Гэта – вялікая скульптура САВЫ, якая спрадвеку з’яўляецца сімвалам мудрасці, спасціжэння і ўдачы. На думку вучоных, мастацкі аб’ект упрыгожыць Акадэмгарадок, надасць дадатковую пазнавальнасць інстытуту, стане сімвалам фізіка-тэхнічнай галіны, паслужыць справе папулярызацыі навукі.