Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.01.2021

Беларускія палярнікі правялі паспяховую паветраную грузавую аперацыю і прыступілі да навуковых даследаванняў

Беларускія палярнікі правялі паспяховую паветраную грузавую аперацыю і прыступілі да навуковых даследаванняў. Пра гэта паведаміў у Прэзідыум НАН Беларусі начальнік 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (13-я БАЭ) Аляксей Гайдашоў.

Ён праінфармаваў, што 26–27 снежня 2020 г. праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы асабістага саставу і грузаў 13 БАЭ з борта навукова-даследчага судна «Акадэмік Трэшнікаў» на Беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя» (БАС «Гара Вячэрняя»). З борта навукова-даследчага судна выканана 8 верталётных рэйсаў, за якія на БАС «Гара Вячэрняя» дастаўлены 10 беларускіх спецыялістаў і 19 тон экспедыцыйных грузаў, уключаючы навуковае і прыродаахоўнае абсталяванне, сродкі транспарту і сувязі, прадукты харчавання, авіяцыйнае паліва, запасныя часткі, рамонтныя і расходныя матэрыялы.

«Паветраная грузавая аперацыя праводзілася ў кругласутачным рэжыме. Страт, пашкоджанняў грузаў няма. Цеснае ўзаемадзеянне расійскіх экіпажаў і супрацоўнікаў 13-й БАЭ забяспечыла правядзенне паветранай грузавой аперацыі на высокім прафесійным узроўні і ў кароткія тэрміны», – падкрэсліў Аляксей Гайдашоў.

На Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя» выканана разгортванне асноўных сістэм жыццезабеспячэння, транспартных сродкаў і сувязных камунікацый, праведзена загатоўка прэснай вады. У паведамленні адзначаецца, што асабісты састаў БАЭ здаровы і прыступіў да выканання навуковых праграм, разгортвання сістэм дыстанцыйнага маніторынгу прыроднага асяроддзя Антарктыкі, мантажу і ўводу ў эксплуатацыю дастаўленага тэхналагічнага і прыродаахоўнага абсталявання.

19 кастрычніка 2020 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт трынаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Гэтым разам на лядовы кантынент адправіліся дзесяць удзельнікаў, сярод якіх спецыялісты, што ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (5 чалавек), і навічкі. Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная работа па нарошчванні будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі – Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі.

Прэс-служба НАН Беларусі