Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.01.2021

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова з Днём беларускай навукі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Унёсак вучоных у развіццё краіны мае вызначальную ролю. Ніводнае важнае рашэнне не прымаецца без удзелу прадстаўнікоў навуковай сферы.

Сёння беларуская навука і яе цэнтр – НАН Беларусі – неад’емны атрыбут дзяржавы, што забяспечвае расшыранае ўзнаўленне новых ведаў, перадавых тэхналогій і інавацыйных мадэлей развіцця. Возьмем хаця б «ТОП-10» найбольш значных дасягненняў у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Па выніках 2020 года ў яго ўвайшлі лепшыя рэзультаты, атрыманыя ў галіне лазернай фізікі, біяхіміі, земляробства, мікрабіялогіі, прыродакарыстання і інш. Гэта рэзультаты, якія дазволяць ісці далей у многіх напрамках, адкрываць новыя навуковыя гарызонты.

Нядаўна ўведзена ў строй БелАЭС – навуковаёмісты мегапраект, у навуковае суправаджэнне якога вялікі ўнёсак зрабілі вучоныя НАН Беларусі. У выніку наша краіна стала належаць да сусветнай эліты дзяржаў, што эксплуатуюць мірны атам. НАН Беларусі стала буйным навукова-вытворчым комплексам. Пра гэта кажуць адкрытыя ўнікальныя вытворчасці ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі, Інстытуце мікрабіялогіі, Фізіка-тэхнічным інстытуце. Важна, што да шэрага акадэмічных устаноў далучыўся Мінскі НДІ радыёматэрыялаў, што дазволіць пашырыць магчымасці і навукі, і прамысловасці.

Можна канстатаваць, што Акадэмія навук завяршыла 2020 год з добрымі вынікамі. Выкананы сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, якія служаць індыкатарамі ўстойлівага развіцця.

Вялікія задачы пастаўлены на 2021 год. Акадэмія навук павінна загучаць па-новаму – больш ёміста, рэзультатыўна і пераканаўча ва ўсіх галінах. Мы павінны істотна прасунуцца ў стварэнні навукаёмістых інавацыйных аб’ектаў і структур. Гэта і галіновыя лабараторыі, і Цэнтры навуковых даследаванняў у прыярытэтных галінах, і навукаёмістыя вытворчасці, і лабараторыі па распрацоўцы вырабаў сусветнага ўзроўню.

У гэтым годзе навуковую супольнасць нашай краіны чакаюць выбары новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі – важная падзея для ўсёй навуковай сферы рэспублікі, адказны рубеж у працы для многіх вучоных, якія будуць прэтэндаваць на гэтыя высокія званні.

Жадаю вам, дарагія калегі, новых адкрыццяў, рэалізацыі смелых планаў і ўпэўненага руху наперад. Здароўя вам і вашым блізкім!

Уладзімір ГУСАКОЎ,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік