Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.02.2021

У НАН Беларусі адбылася нарада па праграмах Саюзнай дзяржавы

4 лютага 2021 г. у НАН Беларусі адбылася нарада з удзелам Намесніка Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Аляксея Кубрына з прадстаўнікамі дзяржаўных заказчыкаў праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ад Рэспублікі Беларусь у галінах абароны, бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і абароннай прамысловасці. Падчас нарады былі падведзены папярэднія вынікі іх рэалізацыі ў 2020 годзе, разгледжаны пытанні падрыхтоўкі праектаў канцэпцый новых праграм Саюзнай дзяржавы па гэтых напрамках, а таксама абмеркаваны пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і ваенна-тэхнічнай сферах.

Як расказаў журналістам кіраўнік апарата НАН Беларусі акадэмік Пётр Віцязь, асноўным напрамкам з’яўляюцца распрацоўкі ў галіне касмічных тэхналогій. У прыватнасці, размова ідзе пра праграму «Комплекс-СД» па стварэнні малагабарытных спадарожнікаў для вывучэння калязямной прасторы. Таксама вядуцца работы па распрацоўцы суперкамп’ютараў і развіцці адытыўных тэхналогій. Акрамя гэтага Віцязь адзначыў, што важнай задачай з’яўляецца не толькі распрацоўка, але і стварэнне канкурэнтнага прадукту з наступным выхадам на спажывецкі рынак.

Аляксей Кубрын у сваю чаргу падкрэсліў, што нягледзячы на пандэмію асваенне сродкаў у рамках рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы прайшло на тым жа ўзроўні, што і ў папярэднія гады. «У галіне абаронна-прамысловага комплексу ў 2020 годзе асвоена каля 2,7 млрд расійскіх рублёў. Калі казаць пра ўвесь спектр праграм, уключаючы медыцынскія і сельскагаспадарчыя, то асвоеныя сродкі склалі каля 3,36 млрд», – заявіў Намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы. Па яго словах, у 2020 годзе рэалізоўваліся 12 праграм, 3 з іх ужо завершаныя.


Тэгi
#нарады