Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.02.2021

У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці адкрылася новая вытворчасць

9 лютага 2021 года ў РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» НАН Беларусі адбылося адкрыццё пілотнага інавацыйнага аб’екта «Навукова-эксперыментальная вытворчасць сухіх малочных прадуктаў і інгрэдыентаў». У рамках рэалізацыі праекта створана не толькі вопытна-прамысловая пляцоўка для апрабацыі рэзультатаў навуковых даследаванняў для навуковага суправаджэння малакаперапрацоўчай галіны, але і малатанажная вытворчасць спецыялізаваных сухіх малочных прадуктаў (у тым ліку для хворых на фенілкетанурыю дзяцей), сухіх сумесей для марожанага (у тым ліку з паніжанай колькасцю цукру), імпартазамяшчальных харчовых дабавак для мясной і малочнай прамысловасці. Створаная інавацыйная база таксама будзе выкарыстоўвацца для практычнага навучання спецыялістаў малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, навучэнцаў каледжаў і студэнтаў ВНУ аграрнага профілю сучасным працэсам мембранавага канцэнтравання, электрадыялізу і сушкі малочнай сыравіны.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Зараз вялікі попыт на бяспечную высакаякасную харчовую прадукцыю, якая садзейнічае аздараўленню арганізма і прафілактыцы захворванняў. Для дзяцей, дарослых, спартсменаў, людзей, якія працуюць у складаных умовах, патрэбна адмысловае харчаванне. Нашы вучоныя займаюцца распрацоўкай найноўшых прадуктаў, каб забяспечыць беларускі рынак запатрабаванымі і якаснымі прадуктовымі таварамі. Сягоння мы адкрылі важную для краіны вытворчасць шэрагу інавацыйных прадуктаў, у тым ліку для дзяцей з пэўнымі захворваннямі. Гэта наш падарунак да Усебеларускага народнага сходу».

Дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці ў сваю чаргу падкрэсліў, што для вучоных вельмі важна мець сваю эксперыментальную навуковую базу. «Мы можам аператыўна ажыццявіць усе ідэі, а не чакаць, пакуль атрымаем доступ да адпрацоўкі тэхналогіі на прадпрыемствах. Спецыфіка такой вытворчасці ў тым, што яна дазваляе рабіць невялікія партыі. Буйным заводам гэта нявыгадна. А імпартная прадукцыя для хворых на фенілкетанурыю сягоння ў 2,5 разы даражэйшая за нашу. Так што мы будзем выконваць яшчэ і своеасаблівую сацыяльную функцыю», – адзначыў Аляксей Меляшчэня.

У цэлым запуск і функцыянаванне новага аб’екта ў РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» будзе садзейнічаць далейшаму развіццю малакаперапрацоўчай галіны нашай рэспублікі, забяспечыць інтэграцыю трох ключавых аспектаў у развіцці інавацыйнай эканомікі: навукі, вытворчасці і адукацыі. Гэты аб’ект у якасці інавацыйнай інфраструктуры накіраваны на навуковае суправаджэнне экспартаарыентаванай малочнай галіны і з’яўляецца ўнёскам НАН Беларусі ў дасягненне запланаваных параметраў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021―2025 гады.