Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.02.2021

Аб’яўлены конкурс на лепшую ідэю па прадухіленні злачынстваў і карупцыі

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь праводзяць конкурс на лепшую ідэю (навуковую працу, сродак нагляднай агітацыі) па прадухіленні злачынстваў і карупцыі (далей – конкурс). Задачы конкурсу: узмацненне ролі навукі ў забеспячэнні законнасці і правапарадку; развіццё навуковых асноў супрацьдзеяння злачынствам і карупцыі.

Конкурс праводзіцца з 15 лютага 2021 года па 3 снежня 2021 года.

Тэрміны правядзення конкурсу:
з 15 лютага 2021 г. па 15 верасня 2021 г. – падача матэрыялаў на конкурс;
з 16 верасня 2021 г. па 1 лістапада 2021 г. – экспертная ацэнка конкурсных матэрыялаў;
з 2 лістапада 2021 г. па 3 снежня 2021 г. – падвядзенне вынікаў і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу.

Конкурс праводзіцца па намінацыях:
- «Лепшая публікацыя»;
- «Лепшы сродак нагляднай агітацыі»..
У намінацыі «Лепшая публікацыя» выдзяляюцца наступныя катэгорыі:
- «Лепшая манаграфія»;
- «Лепшая дысертацыя на саісканне вучонай ступені кандыдата юрыдычных навук»;
- «Лепшы падручнік ці вучэбны дапаможнік»;
- «Лепшы навуковы артыкул»;
- «Лепшая навуковая публікацыя маладога вучонага»;
- «Лепшы навукова-папулярны артыкул».
У намінацыі «Лепшы сродак нагляднай агітацыі» выдзяляюцца наступныя катэгорыі:
- «Лепшы відэаролік»;
- «Лепшы плакат».

Для ўдзелу ў намінацыі «Лепшая публікацыя» рыхтуюцца наступныя конкурсныя матэрыялы:
заяўка па форме адпаведна з дадаткам 3;
арыгінал друкаванага выдання, у якім апублікавана праца (манаграфія, зборнік навуковых прац, перыядычнае выданне і інш.), або ксеракопія публікацыі з прыкладзенымі тытульным лістом і зместам выдання;
анатацыя публікацыі.

Для ўдзелу ў намінацыі «Лепшы сродак нагляднай агітацыі» рыхтуюцца наступныя конкурсныя матэрыялы:
заяўка па форме адпаведна з дадаткам 4;
сродак нагляднай агітацыі ў выглядзе плаката ў лічбавым фармаце ці відэароліка працягласцю да 60 секунд;
анатацыя сродку нагляднай агітацыі.

Друкаваныя матэрыялы на конкурс павінны быць апублікаваныя аўтарам (сааўтарамі) у Рэспубліцы Беларусь не раней за 2017 год.

З Палажэннем аб конкурсе і асноўнымі патрабаваннямі да ўдзельнікаў конкурсу і афармлення іх конкурсных матэрыялаў можна пазнаёміцца тут.