Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.02.2021

НАН Беларусі зацвердзіла план мерапрыемстваў па правядзенні Года народнага адзінства

НАН Беларусі зацвердзіла план мерапрыемстваў па правядзенні Года народнага адзінства. Такое рашэнне было прынята 18 лютага 2021 года на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі. План уключае мерапрыемствы (каля 30 пунктаў) па кансалідацыі грамадства, з’яднанні беларускага народа на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці краіны, пашырэння канструктыўнага дыялогу ў грамадстве і прыцягнення да яго моладзі, а таксама шэраг мерапрыемстваў па ўмацаванні міжканфесіянальнага міру і міжнацыянальнай згоды, удасканальванні работы з беларусамі замежжа. У план увайшлі таксама знакавыя мерапрыемствы Савета маладых вучоных НАН Беларусі. Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «дадзены план – гэта толькі аснова, на працягу года ён будзе напаўняцца новымі знакавымі мерапрыемствамі і ініцыятывамі».

У Год народнага адзінства вучоныя запланавалі правядзенне навуковых форумаў і канферэнцый, падрыхтоўку навуковых і навукова-папулярных публікацый, прысвечаных развіццю грамадзянскай супольнасці і інстытута мясцовага самакіравання, гісторыі беларускай дзяржаўнасці і подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Будуць арганізаваны лекторыі, дыскусійныя пляцоўкі, цыкл круглых сталоў «Грамадзянская супольнасць і дзяржава», рэгіянальныя канферэнцыі, прэзентацыі новых выданняў вучоных Акадэміі навук.

У бліжэйшы час адбудзецца круглы стол «Стварэнне беларускамоўнай заканадаўчай базы як фактар гарманічнага развіцця грамадства» і пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. У планах – правядзенне круглага стала «Сацыяльныя і эканамічныя прыярытэты і механізмы ўмацавання народнага адзінства» ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Стратэгія развіцця эканомікі Беларусі: выклікі, інструменты рэалізацыі і перспектывы».

У планах – правядзенне круглага стала «Сацыяльныя і эканамічныя прыярытэты і механізмы ўмацавання народнага адзінства» ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Стратэгія развіцця эканомікі Беларусі: выклікі, інструменты рэалізацыі і перспектывы».

На працягу года будуць праведзены сацыялагічныя даследаванні «Народнае адзінства як фактар умацавання беларускай дзяржавы» і прэзентацыя 10-томнага збору твораў Янкі Брыля.

Запланавана правядзенне буйных навуковых форумаў, сярод якіх Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычная памяць і патрыятызм як важнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства і дзяржавы. Фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз», Міжнародная навуковая канферэнцыя «Рыжскі мір 1921 года ў лёсе беларускага народа (да 100-годдзя заключэння)», Міжнародная навуковая канферэнцыя «Германская агрэсія супраць СССР (да 80-годдзя трагедыі пачатку Вялікай Айчыннай вайны)» і інш.

У спіс мерапрыемстваў уключаны шэраг рэгіянальных канферэнцый: «Капыльскія чытанні – 2021», «ІХ Лепельскія чытанні», «Чачэршчына: вяртанне да вытокаў», XIV Карэліцкія краязнаўчыя чытанні «Гісторыка-культурная спадчына Карэліччыны».